24 студзеня на форуме радыё «Свабода», прысвечаным лёсу Уладзіміра Някляева, з’явіўся каментар, падпісаны «супрацоўніцай Цэнтра грамадскіх сувязяў»: «Ананімны супрацоўнік, — сцьвярджае наведніца сайта, — паведаміў, што Някляева адмыслова ізалявалі, каб выклікаць у яго паніку і псіхалагічна зламаць. Таксама выкарыстоўваюцца псіхатропныя прэпараты.

„Пакуль ён трымаецца, не дае паказаньняў, таму яго ламаюць праз калена. Я больш не магу на гэта глядзець, таму і вырашыў вам перадаць гэта“, — паведаміў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам КДБ».

Як сведчаць некаторыя беларускія адмыслоўцы ў галіне фармакалогіі, у мэтах атрымання адпаведных прызнанняў у падследных выкарыстоўваюць моцнадзейныя, наркатычныя і атрутныя прэпараты так званай групы «А», кшталту аміталу, пентаталу або скапаламіну. Па сутнасьці, гэта вельмі небяспечнае для арганізма медыка-біялагічнае ўмяшанне. Тэарэтычна ўсім гэтым займаюцца высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія дакладна ведаюць дазіроўкі і ўсе метады «вяртання» чалавека.

Упершыню ў СССР пра сыроватку праўды ў сваім выдадзеным Самвыдатам «Дапаможніку па псіхіятрыі для іншадумцаў» распавялі савецкія дысідэнты, у далейшым кембрыджскі нейрафізіёлаг, Уладзімір Букоўскі і кіеўскі псіхіятр Сямён Глузман. Аўтары пішуць, што трапіўшы ў арганізм рознымі шляхамі (унутрывенна або разам з ежай) амітал-натрый выклікае ў чалавека ап’яненне, падобнае да алкагольнага. Дзейнічае вельмі просты прынцып: у п’янага, гэтак мовіць, развязваецца язык. У сваёй кнізе Букоўскі і Глузман кампетэнтна заяўляюць, што фармакалагічны метад, выкарыстаны супраць моцных духам людзей, усё ж з’яўляецца малаэфэктыўным.

Сыроватка праўды ў Беларусі і ў Расіі

Прыкладна такога ж меркавання прытрымліваецца былы беларускі палітзняволены і ў нядаўнім давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева Васіль Лявонаў.

Паводле сведчанняў Лявонава, «фармакалагічнае інтэрв’ю» з ім спецслужбы правялі пры канцы 1990-х у СІЗА КДБ, але наўрад ці яно мела для іх эфект.

Лявонаў: «Мяне аднойчы паілі нейкімі псіхатропнымі прэпаратамі, якія адбіваюць памяць. Прыйшоў нейкі следчы, размаўляў са мной. Гаварылі, пілі ваду. У камеры заўсёды адчуваеш смагу. Не памятаю, як страціў прытомнасць і што са мной было. Калі прыйшоў у сябе, пачуў, як начальнік гучна скандаліў з тым чалавекам. Пэўна спалохаўся, што далі перадазіроўку. Вось так гэта было. Вырубілі з той мэтай, каб я пачаў штосьці гаварыць. Што, не ведаю. Аднак я быў упэўнены ў сабе, што нічога такога супраць сябе і сваіх блізкіх я сказаць не мог. Больш такіх эксперыментаў са мной не рабілі».

Пацвердзіць або абвергнуць інфармацыю аб тым, што фармакалагічныя прэпараты ўжываюцца падчас допытаў Уладзіміра Някляева пакуль няма магчымасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?