У слаўным горадзе Пяюнску,

    на вуліцы Весялінскай,

    там жыве сьпявак вядомы

    пан Траліслаў Тралялялінскі.

    З панам жонка - Тралялёнка,

    дый дачушка - Тралялюшка,

    і сыночак - Тралялёчак,

    і сабачка - Тралялячка,

    Ну а коцік?.. Ёсьць і коцік,

    ён завецца тралялёцік.

    Побач зь імі папугай –

    от, харошы траляляй.

    Кожны ранак, па сьняданку,

    шаноўнае таварыства

    заўжды ў зборы і сьпявае

    разам з панам урачыста.

    Як узьніме пан Траліслаў

    свае рукі-тралялюкі -

    сьціхне ўсё… А за хвіліну

    хор выводзіць дзіва-гукі:

    - Траля-траля-траля-ля-ля,

    ля-ля-траля-траля!..

    І на кухні траляляюць,

    пра гаспадара сьпяваюць,

    і шафёр, што пана возіць,

    з гаража ўжо тралялёзіць!

    Запяваюць на базары,

    падцягаюць на бульвары:

    падмятайла-траляляйла,

    паштальёнка-тралялёнка,

    і рэдактар-траляляктар,

    і настаўнік-траляляўнік,

    і мастак-траляляляк,

    цырульніца-тралялюльніца,

    і бабуля – люля-люля,

    і дзядусік – белы вусік,

    і даішнік-тралялішнік.

    А маленькая мышка,

    шэрая тралялілішка,

    хоць баіцца коціка,

    таго тралялёціка,

    села ў куточак,

    у цёмны тралялёчак,

    дый пішчыць ціхесенька:

    «Траля-траля-лесенька…»

Пераклаў з польскай паводле Юльяна Тувіма Мікола Бугай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0