Вірус Stuxnet мог сапсаваць мноства іранскіх цэнтрыфуг для ўзбагачэння ўрану.
Такія вынікі новага даследавання, праведзенага ў вядомым амерыканскім інстытуце ISIS (Institute for Science and International Security). Пра іх расказваецца ў артыкуле, апублікаваным германскім штотыднёвікам Der Spiegel.

Трое навукоўцаў — Дэвід Олбрайт, Пол Брэнан і Крысціна Уолранд — прыйшлі да высновы, што «падступны чарвяк» Stuxnet мог прынесці больш значную шкоду, чым прызнае Тэгеран. Не выключана, што на рахунку віруса мноства сапсаваных цэнтрыфуг для ўзбагачэння ўрану на ядзерным аб’екце ў Натанзе.

У тым, што Stuxnet стварыў у Натанзе праблемы, у канцы лістапада прызнаўся нават сам прэзідэнт Ірана Махмуд Ахмадзінежад,
нагадвае аўтар артыкула. Гэты ж вірус дабраўся да персанальных кампутараў атамнай электрастанцыі ў Бушэры, хоць яго пранікнення ва ўнутраную сетку АЭС здолела пазбегнуць.

Але калі здагадка навукоўцаў з ISIS правільная, то гэтая шкода вельмі вялікая. Амерыканскія навукоўцы мяркуюць, што Stuxnet сапсаваў каля 10% усіх цэнтрыфуг. Яны не выключаюць, што прычыны іх пашкоджання маглі быць іншымі, напрыклад, канструктыўныя недахопы, аднак гэтая здагадка здаецца ім малаверагоднай.

Акрамя таго, паказвае выданне, навукоўцы ўскосна пацвярджаюць, што Stuxnet — гэта прадукт заходніх спецслужбаў, бо яго распрацоўшчыкі скарысталіся інфармацыяй, якой не мела нават МАГАТЭ.

Дарэчы, калі Stuxnet распрацаваны амерыканцамі, яны могуць наступіць на ўласныя граблі. У дакладзе, прадстаўленым Кангрэсу, гаворыцца, што гэты вірус можа падарваць абароназдольнасць саміх Злучаных Штатаў.

Мадыфікаваны Stuxnet можа падарваць вадаправодныя станцыі, энергетычныя магутнасці, транспартную і іншую інфраструктуру, неабходную для функцыянавання сучаснай супольнасці, піша газета The Christian Science Monitor.

Нагадаем, паводле сцверджання кампаніі Symantec, якая спецыялізуецца на кампутарнай бяспецы, гэты вірус быў распрацаваны для пашкоджання электронных сістэм на ядзерных аб’ектах Ірана.

Праверка, праведзеная экспертамі кампаніі, паказала, што кампутарны вірус павінен ствараць перашкоды ў працы пэўнага віду абсталявання: частотнага пераўтваральніка, які працуе з частатой 807 — 1.210 Гц. Stuxnet здольны змяняць частату працы прылады. Такія пераўтваральнікі выкарыстоўваюцца ў абмежаванай колькасці апаратаў, у першую чаргу ў цэнтрыфугах, якія іранскія інжынеры ўжываюць для ўзбагачэння ўрану.

Але пры лёгкай мадэрнізацыі Stuxnet можа псаваць цэлы шэраг аб’ектаў, а не толькі частотныя пераўтваральнікі, настроеныя на пэўную частату. У даследаванні, падрыхтаваным аналітычнай службай Кангрэсу, гаворыцца, што вірус можа прывесці да спынення працы жыццёва важнай інфраструктуры на доўгі час, а гэта, у сваю чаргу, прывядзе да няздольнасці ўрада ахоўваць інтарэсы нацыянальнай бяспекі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?