Яшчэ прыкладна за месяц да Новага года ў сталіцы пачаў назірацца павышаны попыт на арэнднае жыллё. А вось пачынаючы з другой паловы снежня, з мінскага рынку арэнды жылля былі "павымываныя" амаль усе ліквідныя кватэры ў сярэднім цэнавым дыяпазоне.

Ліквідныя аднапакаёўкі за 250 USD

Цяпер на сталічным рынку арэнды жылля засталіся або самыя слабенькія па якасці кватэры, або жылыя памяшканні эліт-класа, але па завышаным кошце.

Паводле інфармацыі агента па аперацыях з жыллёвай нерухомасцю агенцтва нерухомасці "Дзінас" Іны Кульшы, па мінімальным цэнніку ў 200 долараў на мінскім рынку існуе не больш за 10 варыянтаў зусім маленькіх і "дабітых" аднапакаёвых "хрушчовак" у старых дамах, а таксама некалькі кватэр без мэблі ў далёкіх новабудоўлях. Звычайныя аднапакаёўкі ў Заводскім раёне і Шабанах прапануюцца за 220—230 долараў, а ў Курасоўшчыне — за 230—240 долараў. Сярэдні кошт аднапакаёвак у абжытых спальных раёнах і нават у Малінаўцы складае 250 долараў. Бліжэй да лініі метро ліквідныя аднапакаёўкі ўсё часцей прапануюцца за 300 долараў.

Сёння ў агенцтвы нерухомасці паступае шмат заявак ад кліентаў, якія шукаюць сярэднія па якасці хадавыя аднапакаёвыя кватэры да 250 долараў. Аднак такіх кватэр на рынку практычна няма. Новы варыянт хадавой кватэры па сярэднім цэнніку затрымліваецца ў агенцтвах сёння не больш чым на суткі. Існуюць на рынку добрыя аднапакаёўкі па вуліцах Маякоўскага, Брыля і Інтэрнацыянальнай, але па 300—350 долараў.

Самыя маленькія двухпакаёвыя "хрушчоўкі" прапануюцца цяпер за 300 долараў. Гэта кватэры без мэблі ці з вельмі старой мэбляй яшчэ савецкіх часоў. Бліжэй да лініі метро двухпакаёўкі сярэдняй якасці каштуюць не менш за 350 долараў. Сапраўды хадавых двухпакаёвых кватэр па такім кошце сёння таксама не хапае. За 300 долараў прапануюцца трохпакаёўкі без мэблі ў Шабанах і ў Заводскім раёне. Сярэдні кошт трохпакаёвых кватэр з мэбляй і бытавой тэхнікай складае 320—370 долараў, а побач з метро — перавышае 400 долараў. Вялікага попыту на адносна танныя трохпакаёўкі няма, бо камунальныя паслугі па іх аплачвае кліент. Зразумела, што зімой "камуналка" вялікіх кватэр істотна павялічваецца.

Рынак ажыве пасля свят

Іна Кульша адзначае, што цяпер гаспадары "лішняга" жылля пачалі прытрымліваць свае кватэры мінімум да сярэдзіны студзеня. Магчыма, што ўласнікі такога жылля вырашылі падзарабіць на святы больш грошай праз здачу сваіх кватэр на суткі. Менавіта на знакавыя святы ў Мінск з буйных гарадоў Расіі прыязджаюць добра адпачыць азартныя гульцы. Сёлета такія аматары казіно збіраюцца "адпрацаваць" у мінскіх клубах ажно на працягу двух тыдняў. Нагадаю, што сёння адна-, двухпакаёвыя кватэры на суткі каштуюць у спальных раёнах каля 40—60 долараў, а ў цэнтры сярэдні цэннік складае 60—100 долараў. Кошт арэнды за суткі прасторных "наварочаных" двух- ці трохпакаёвых кватэр дасягае 100—200 долараў. Непасрэдна на Новы год для вялікай кампаніі кошт арэнды такіх кватэр можа павялічвацца ў разы.

Наш эксперт упэўнена, што ў лютым на рынак арэнды будзе "выкінута" вялікая колькасць стандартных кватэр са спальных раёнаў сталіцы і з новабудоўляў. Вялікая прапанова павінна падкарэктаваць цэннікі арэнды, якая можа потым патаннець прыкладна на 20—30 долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?