У муніцыпальных выбарах у Польшчы на Беласточчыне ў раённыя і гарадзкія рады прайшлі дзясяткі беларусаў. А ўвогуле ў Польшчы вынікі выбараў пацьвердзілі існуючы ў грамадзтве выразны падзел на прыхільнікаў кіраўнічай партыі і апазыцыі.

У Бельску-Падляскім ад Бельскай кааліцыі ў гарадзкую раду прайшлі 7 чалавек, сярод іх вядомыя беларускія актывісты Андрэй Сьцепанюк і Дарафей Фіёнік. У другі тур выбараў мэра гэтага гораду выйшаў беларус Пётар Божка. Другі тур будзе таксама ў населенай пераважна беларусамі Орлі. У радзе Гайнаўкі ад Беларускага выбарчага камітэту дэпутатамі сталі шэсьць беларусаў.

У Беластоку кандыдаты ад Беларускага выбарчага камітэту ня трапілі ані ў гарадзкую раду, ані ў раду (сэймік) Падляскага ваяводзтва. Беларусы там, аднак, ёсьць, напрыклад, Ян Сычэўскі – старшыня Беларускага грамадзка-культурнага таварыства, але ён балятаваўся ад блёку «Левыя і дэмакраты».

Увогуле, адназначна назваць пераможцу муніцыпальных выбараў у Польшчы цяжка, бо кіраўнічая партыя «Права і справядлівасьць» перамагла пераважна ў невялікіх гарадох і на вёсцы, а апазыцыйная лібэральная «Грамадзянская плятформа» – у вялікіх гарадох.

Кандыдаты ад гэтых дзьвюх партыяў сустрэнуцца ў другім туры выбараў, прыкладам, у Варшаве, дзе барацьба за пост мэра найбольш вострая.

У Польшчы мясцовыя ўлады маюць вялікія паўнамоцтвы і незалежнасьць ад цэнтру, таму муніцыпальным выбарам палітыкі аддаюць вельмі вялікую ўвагу.

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?