Міляшкевіч Яраслаў Генрыхавіч

(04.01.1939–04.11.2006)

4 лістапада ў аўтакатастрофе загінуў Яраслаў Генрыхавіч Міляшкевіч – кандыдат хімічных навук, дацэнт БДТУ, актыўны сябра Таварыства беларускай мовы.

Спадар Яраслаў нарадзіўся на Лагойшчыне, непадалёку ад Акопаў. Маці ягоная была добра знаёмая зь Янкам Купалам, і сам маленькі Яраслаў ў дзяцінстве бачыў славутага песьняра. Мабыць, і гэтая родная зямля, і прыналежнасьць да старажытнага шляхецкага роду выхавалі ў ім асабістую годнасьць і гонар за Беларусь, мужнасьць і прынцыповасьць у адстойваньні гістарычнай праўды, правоў беларускай мовы і культуры.

Найбольш ярка выявіліся грамадзянскія якасьці спадара Яраслава напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Яго абіраюць на пасаду старшыні ТБМ Тэхналягічнага ўнівэрсытэту, ён робіцца сябрам Рэспубліканскай тэрміналягічнай камісіі пры Міністэрстве адукацыі, рэцэнзуе шматлікія слоўнікі, піша навуковыя працы ў беларускай навуковай тэрміналёгіі. Акурат у гэтым годзе мусіў выйсьці з друку ягоны расейска-беларускі слоўнік па арганічнай хіміі.

Менавіта спадар Міляшкевіч ініцыяваў стварэньне ў нашай навучальнай установе адмысловага Ўнівэрсытэту беларускай мовы, гісторыі і культуры, у якім цягам 90-х гадоў гуманітарызавалі сваю тэхнічную адукацыю нашыя выкладчыкі і супрацоўнікі. Праз натхненьне і клопат спадара Яраслава паўстала ў БДТУ так званая "Заля Дваццаці" – партрэтная галерэя найбольш славутых беларускіх навукоўцаў, разьмешчаная ў зале паседжаньняў вучонай рады.

Уся навуковая, пэдагагічная і грамадзкая чыннасьць Яраслава Міляшкевіча выяўляла ў ім чалавека. Сьвядомага нацыянальнага і дзяржаўнага інтарэсу Беларусі. Хай жа зямля яму будзе пухам!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?