Прафэсійныя журналісты ніколі не застануцца ўбаку, калі нехта трапляе ў бяду. Часьцей за ўсё яны прыцягваюць увагу да праблемы на старонках сваіх выданьняў. Але жыцьцё калі-некалі вымагае хуткіх і канкрэтных дзеяньняў.

Вось за гэткую своечасовую дапамогу падзякаваў «Віцебскаму кур’еру М» консул Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Васіль Сярдзега. У лісьце, які ён даслаў у рэдакцыю, адзначаецца «дапамога грамадзяніну Украіны Міколу Церашчуку, які апынуўся ў пэрыяд з 18 па 28 студзеня 2006 году ў складанай сытуацыі ў сувязі з паломкай украінскага аўтамабіля, які накіроўваўся па маршруце Лукі – Санкт-Пецярбург».

У лютую сьцюжу фургон Церашчука завяз на поўначы Віцебскай вобласьці ля вёскі Дрожыкі, пазамярзалі сыстэмы паліва. Кіроўца дабраўся да аўтакэмпінгу, які знаходзіўся за шэсьць кілямэтраў, але сьлесары на чале з гаспадаром стаянкі Васілём Ільніцкім рады не далі – аўтафуру размарозіць не атрымалася. З Гарадоцкага РАУС дапамогі не дачакаліся. Кідаць трэйлер на дарозе без аховы было небясьпечна, бо крадзяжоў з пакінутых фураў хапае.

Церашчук, згодна парадзе Ільніцкага, праз кіроўцу адной з машынаў перадаў просьбу аб дапамозе ў «Віцебскі кур’ер М». У рэдакцыі дапамогу аказалі – карэспандэнт газэты дабіўся хуткага рэагаваньня дзяжурнага ДАІ аблвыканкаму, а таксама паведаміў консулу Украіны, які адразу выехаў на месца здарэньня. У выніку, усё скончылася добра.

У журналістаў «Віцебскага кур’ера М» багата добрых справаў. Газэта ўвесь час атрымлівае падзякі і ад простых месьцічаў, і ад афіцыйных асобаў. Сёлета пачэсную грамату Праваслаўнай эпархіі атрымаў галоўны рэдактар Уладзімер Базан. Ці не таму, што многія шукаюць справядлівасьці, праўды й дапамогі менавіта ў журналістаў недзяржаўнага выданьня, а не мясцовых чыноўнікаў, газэту забаранілі распаўсюджваць у дзяржаўных шапіках ды другі год запар выключылі з падпіснога каталёгу?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?