Судзьдзя Чыгуначнага райсуду Віцебска Алена Цыганкова адмовілася судзіць апазыцыянэра Барыса Хамайду, на якога міліцыянты склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаваньне.

Віцебскі апазыцыянэр, якога затрымалі за тое, што ён выйшаў у цэнтар Віцебску пад бел-чырвона-белым сьцягам, паведаміў пра сваё часовае вызваленьне. Яго ўжо былі завезьлі ў Чыгуначны райсуд, каб судзіць паводле складзенага супрацоўнікамі міліцыі пратаколу, але судзьдзя Алена Цыганкова адмовілася разьбіраць ягоную справу. Яна сказала, што пратакол складзены няправільна: міліцыянты не ўлічылі, што за адміністрацыйнае правапарушэньне Барыса Хамайду затрымалі паўторна.

Апазыцыянэра адпусьцілі, паведаміўшы, што ён мусіць чакаць позвы ў суд, калі пратакол будзе перапісаны. У Чыгуначным РАУС яму вярнулі забраны падчас затрыманьня бел-чырвона-белы сьцяг. Барыс Хамайда 3-га студзеня распачаў бестэрміновую акцыю «2011 год — год нацыянальнага сьцяга», прысьвечаную 20-годзьдзю беларускай незалежнасьці. Але ў першы ж дзень яго затрымалі, калі ад пачатку акцыі не прайшло й адной хвіліны.

Сэнс свае акцыі віцебскі апазыцыянэр патлумачыў так: «У 1991 годзе наша краіна стала незалежнай дзяржавай. Незалежнасьць пачыналася з таго, што бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» былі прызнаныя дзяржаўнымі. Таму я штодня буду выходзіць да так званага „сіняга дома“ — дома № 28 па вуліцы Леніна — з нашым нацыянальным сьцягам. Калі мяне пачнуць за гэта перасьледаваць, то будзе зразумела, што беларускія ўлады супраць незалежнасьці нашай краіны».

Заўтра Барыс Хамайда мяркуе працягваць акцыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?