А.Дзмітрыеў першыя гадзіны пасля вызвалення.

А.Дзмітрыеў першыя гадзіны пасля вызвалення.

Сёньня з сьледчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе быў вызвалены кіраўнік перадвыбарчага штабу Ўладзімера Някляева Андрэй Дзьмітрыеў.

Дракахруст: Андрэй, на якіх умовах вас вызвалілі?

Дзьмітрыеў: Умовы тыя самыя. Я зьяўляюся абвінавачаным па крымінальнай справе аб удзеле і арганізацыі масавых беспарадкаў. Проста мне замененая мера стрыманьня, і цяпер я знаходжуся не за кратамі, але не магу выехаць зь Беларусі.

Дракахруст: А ці пісалі вы нейкія лісты, давалі нейкія тлумачэньні?

Дзьмітрыеў: Не, ніякіх зваротаў і тлумачэньняў я не пісаў. Я ня ведаю, чаму мяне вызвалілі. Паклікалі, далі падпісаць абавязаньне, што я абяцаю не выяжджаць зь Беларусі і выконваць усе крымінальна-працэсуальныя дзеяньні. І ўсё.

Дракахруст: А як вы можаце патлумачыць ваш выступ, які паказвала беларускае тэлебачаньне? Якая яго прычына, якая прырода?

Дзьмітрыеў: Я даў таксама падпіску, што не магу разгалошваць абставіны крымінальнай справы. Вашае пытаньне тычыцца якраз гэтых абставінаў, таму я не магу пакуль гэта камэнтаваць. Можа праз пэўны час я гэта адкамэнтую.

Дракахруст: На ваш погляд, чаму вы на волі, а спадар Някляеў — у турме?

Дзьмірыеў: Я ня ведаю. Напэўна можна знайсьці ў гэтым лёгіку. Я ведаю, што сёньня таксама быў вызвалены Рымашэўскі. Магчыма, гэта спроба зьнізіць накал, які зараз быў. Ня выключана, што яшчэ некага выпусьцяць праз пэўны час.

Але лягічных тлумачэньняў у мяне няма. Магчыма, таму, што я не кандыдат.
Я рыхтаваўся да таго, што правяду там яшчэ месяцы чатыры, пакуль будзе цягнуцца гэтае расьсьледаваньне, а потым нейкі тэрмін будзе. Так што для мяне самога гэта дзіўна.

Дракахруст: Падчас знаходжаньня за кратамі вы сустракаліся зь іншымі фігурантамі па справе?

Дзьмітрыеў: Не, там усё так арганізавана, што сустрэцца немагчыма, нават выпадкова.

Дракахруст: Андрэй, магчыма вы ведаеце пра заявы пасьля выбараў вашага аднапартыйца Яраслава Раманчука, Рыгора Кастусёва пра падзеі 19 сьнежня? Як вы іх ацэньваеце?

Дзьмітрыеў: Я бачыў па БТ гэтыя заявы. Ну як гэта ацаніць? Кожны сам выбірае тыя крокі, якія ён робіць. Але заява спадара Раманчука мяне вельмі зьдзівіла. Усё ж такі там з прозьвішчамі… Гэта асабісты выбар, людзі на нешта разьлічвалі, хацелі нечага дамагчыся. Калі гэта камусьці дапамагло, то добра. Але мне здаецца, што не.

Дракахруст: А ці можна сказаць, калі гэта не таямніца сьледзтва, які ўсё ж быў плян каманды Някляева на вечар 19 сьнежня?

Дзьмітрыеў: Мы думалі толькі пра мірную акцыю.

Ніякіх ідэяў штурму не было, бо гэта зьнішчала ўсю ідэалёгію пратэсту.
Наконт таго, што рабіць, былі розныя варыянты ў залежнасьці ад колькасьці людзей і ад іншых чыньнікаў — былі варыянты, каб застацца ці зрабіць нейкае шэсьце. Я пакуль ня думаю, што правільна нешта распавядаць, бо не разумею, што можа пашкодзіць і мне асабіста, і тым, хто там застаўся.

Дракахруст: Што будзе з кампаніяй «Гавары праўду»? Як вы будзеце дзейнічаць?

Дзьмітрыеў: Зараз трэба зразумець, што засталося, хто застаўся. Я ведаю, што некаторыя людзі зьехалі. Я маю намер працягваць, як мы казалі, кампанію «Гавары праўду» не зьнікае пасьля выбараў, яна будзе існаваць, можа быць неяк трансфармавацца ў палітычную сілу. Цяпер яна павінна сканцэнтравацца толькі на тым, каб дапамагаць тым, хто застаўся там. Гэта тое, што я пачну рабіць з заўтрашняга дня. Мне далі шанец быць тут, ня ведаю чаму, я выкарыстаю яго, каб дапамагчы тым, хто застаўся там.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?