Найлепшае 2004-2005

Чырвоным па Беламу, AMG+Volia Music, 2006.

Зь цягам часу віртуальнае можа стаць рэальным. Так адбылося з праектам «Чырвоным па Беламу», ад пачатку сеціўным і ананімным. Зь цягам чаму рэпэр Кроў зьняў маску, выйшаў на сцэну, а цяпер яшчэ і выдаў абсалютна матэрыяльны альбом.

Тут усё – ад трэкаў «Пра зьніклых», «Акупанты», «Змагайся», якія нарабілі шуму ў белнэце два гады таму, да самых апошніх напрацовак, якія ўвойдуць у новы альбом рэпэра. Некаторыя Крова ненавідзяць, некаторыя крыху баяцца, нехта хоча даць яму ў вока, а нехта – пазнаёміцца зь ім. Гэта супэрдасягненьне для беларускага музыкі, калі ягоная асоба і творчасьць мае падобны рэзананс.

Сам напаўтаямнічы рэпэр з той нагоды толькі цешыцца: «Няхай кажуць усё, што заўгодна, абы казалі!» Нехта можа спрачацца, але «Чырвоным па Беламу» – першы канцэптуальны беларускі хіп-хоп праект. Шмат у каго не даходзілі рукі зрабіць нешта падобнае, нехта не схацеў, нехта зьмяніў кірунак (і музычны, і сьветаглядны), у кагосьці банальна не хапіла ўменьня. А вось Кроў прабіў тую сьцяну. І ня страшна, што здабыў ён папулярнасьць чужымі песьнямі. І што не заўжды пісьменныя ў яго тэксты.

Галоўнае, што праект «Чырвоным па Белым» (рэпэры зьмянілі цяпер назву на граматычна слушную) мае стрыжань, ідэю і жаданьне яе ўвасобіць. А такі прадукт заўжды будзе карыстацца попытам. Дыск слухаецца зь вялізнай цікавасьцю, бо беларускі рэп-альбом – вялікае дзіва, а беларускі ідэйны рэп – дзіва яшчэ большае. Усім аматарам незалежнай беларускай музыкі прызначаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?