Адзначаць 16-ты дзень кожнага месяца як дзень салідарнасьці з палітзьняволенымі і сем’ямі зьніклых палітыкаў сталася ў Беларусі ўжо добрай традыцыяй. Учорашні дзень ня стаў выняткам. Акцыі прайшлі ў дзесятках местаў Беларусі і замежжа. На жаль, не абышлося і без затрыманьняў.

У Менску некалькі дзясяткаў маладых людзей сабраліся са сьвечкамі ля чыгуначнага вакзалу, каб там адзначыць дзень салідарнасьці. Ужо празь некалькі хвілінаў ад пачатку акцыі міліцыянты разагналі маладзёнаў. Былі затрыманыя 9 удзельнікаў дня салідарнасьці і 3 журналістаў, сярод іх фотакарэспандэнтка «Нашай Нівы» Юлія Дарашкевіч. Усіх затрыманых адвезьлі ў пастарунак, пасьля праверкі дакумэнтаў журналістаў выпусьцілі. Пазьней выпусьцілі астатніх.

Яшчэ адна акцыя была зладжаная актывістамі незарэгістраванага «Маладога фронту» ля будынку Нацыянальнай бібліятэкі. Міліцыянты яшчэ па выхадзе са станцыі мэтро «Ўсход» затрымалі васьмёх чалавек – Уладзімера Маляўку, Віялету Мікульчык, Усевалада Шашарына, Надзею Клімовіч, Натальлю Харытанюк, Сяргея Гумінскага, Кірылу Шымановіча. Іх адвезьлі ў Першамайскі РАУС. Астатнія маладзёны ж у сваю чаргу прымацавалі на дрэва, якое ў свой час пасадзіў Аляксандар Лукашэнка, плякат «Свабоду палітвязьням».

У Віцебску мясцовая моладзь сабралася а 18:00 ля помніка Ўладзімеру Караткевічу. Юнакі запалілі сьвечкі і сьпявалі песьні. Празь нейкі прамежак часу да іх падышлі міліцыянты і сталі правяраць дакумэнты, былі затрыманыя праваабаронца Леанід Сьвецік, журналіст Вадзім Баршчэўскі і старшыня Мясцовай суполкі ПБНФ Кастусь Смолікаў, бо яны ня мелі з сабой пашпартоў. Па нейкім часе таксама затрымалі Сьцяпана Кудзянава. Усіх затрыманых у скорасьці адпусьцілі, без складаньня пратаколу.

У Горадні падчас акцыі салідарнасьці быў затрыманы Стась Пачобут. Міліцыянты сказалі, што ён спраўляў сваю натуральную патрэбу ў грамадзкім месцы. На Пачобута быў складзены пратакол за дробнае хуліганства. Сёньняшнюю ноч ён правёў у спэцпрыёмніку.

На Берасьцейшчыне моладзь вывешвала партрэты зьніклых і палітвязьняў. У Салігорску моладзевыя актывісты правялі флэш-моб, а таксама ланцуг салідарнасьці. Акцыі яшчэ прайшлі ў Барысаве, Гомелі, Магілёве і іншых гарадох краіны.

Таксама акцыі салідарнасьці прайшлі ў васьмі гарадох Польшчы: Варшаве, Познані, Ўроцлаве, Гданьску, Лодзі, Любліне, Беластоку, Пултуску і інш. У Варшаве на акцыю сабралася каля ста чалавек.

Акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі і сем’ямі зьніклых прайшлі ў некалькіх эўрапейскіх краінах – Чэхіі, Літве, Бэльгіі, Вялікай Брытаніі, Украіне, Эстоніі, Нямеччыне, Швэцыі. За мяжой абышлося без затрыманьняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?