Сёння маці Паўла Севярынца Таццяна Яўгенаўна была ў следчым камітэце, які адмыслова створаны па справе 19 снежня са следчых КДБ і МУС. Яна дабіваецца магчымасці ўбачыцца з сынам.

Следчы, які прадставіўся як Анатоль Мікалаевіч, паведаміў, што ўбачыцца з сынам яна зможа не раней як праз месяц, а можа нават і пазней.

Таццяна Севярынец адказала следчаму, што на сайце Генеральнай пракуратуры 3 студзеня была інфармацыя, што ўмовы ўтрымання вязняў у СІЗА КДБ добрыя, што яны атрымліваюць перадачы, маюць магчымасць бачыцца з роднымі і блізкімі, таму яна будзе скардзіцца ў генпракуратуру на тое, што ў СІЗА не выконваюцца гэтыя патрабаванні.

На гэта следчы заўважыў, што ў СІЗА толькі два кабінеты для сустрэч, таму гэты працэс ідзе павольна. Таксама ён заўважыў, што яны будуць вырашаць, калі затрыманыя могуць сустракацца з роднымі, і папрасіў месяц яго не турбаваць. Але маці Паўла паабяцала тэлефанаваць яму штодня.

Павел Севярынец, сустаршыня БХД і кіраўнік перадвыбарчага штаба Віталя Рымашэўскага, ад 19 снежня знаходзіцца ў СІЗА КДБ. За гэты час у яго былі толькі дзве паўгадзінныя сустрэчы з адвакатам.

Фактычна Павал ізаляваны ад усякай інфармацыі звонку, падкрэсліваецца ў інфармацыі прэс-службы БХД. Невядома, ці даходзяць яму перадачы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?