Ва Украіне дэпутаты Львоўскага абласнога савета патрабуюць ад МЗС краіны абвясціць генеральнага консула Расіі ў Львове Яўгена Гузеева персонай нон-грата.

За такі зварот да ўкраінскага замежнапалітычнага ведамства на сесіі Львоўскага аблсавета ў сераду прагаласавалі 73 дэпутаты са 116.

Дэпутаты таксама патрабуюць пазбавіць Гузеева дыпламатычнага статусу і звярнуцца ў МЗС Расіі з патрабаваннем неадкладна адклікаць яго з дыппрадстаўніцтва Расіі ва Украіне.

Львоўскі аблсавет лічыць, што расійскі дыпламат у сваіх выступах, а таксама ў інтэрв’ю аднаму з інфармагенцтваў ад 22 снежня 2010

«фактычна адмаўляў гістарычнае існаванне ўкраінскай нацыі, украінскай мовы і царквы».

«Адвольна аперуючы цытатамі з літаратурных твораў і прапагандысцкіх прадмоваў да гістарычнай літаратуры, выдадзенай у савецкія часы, Я. Ф. Гузееў не спрыяе ўзаемаразуменню і наладжанню добрасуседскіх адносін паміж абодвума народамі, а фактычна распальвае міжнацыянальную варожасць і спрабуе ўскладніць палітычныя адносіны дзвюх дзяржаваў і двух народаў» — гаворыцца ў звароце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?