Дзевятнаццацігадовы Ілья Васілевіч стаў 13-м падазроным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня, паведамляе праваабарончы рэсурс spring96.org.

Васілевіч адбыў 10-сутачны адміністрацыйны арышт і быў адпушчаны на волю. «Яму паведамілі, што адміністрацыя Мінскага політэхнічнага каледжа адлічвае яго з навучальнай установы, — інфармуюць праваабаронцы. — 5 студзеня малады чалавек быў запрошаны ў адміністрацыю каледжа для падпісання адпаведных папер, але ў навучальнай установе Ілью чакалі супрацоўнікі КДБ, якія затрымалі хлопца для правядзення следчых дзеянняў па крымінальнай справе аб масавых беспарадках».

Спачатку Васілевіч быў дастаўлены ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вул. Акрэсціна, а затым пераведзены ў СІЗА КДБ.

Паводле звестак праваабаронцаў, у крымінальнай справе аб масавых беспарадках (чч. 1, 2 арт. 293 КК) 25 абвінавачаных (21 знаходзіцца пад вартай, чатыры — пад падпіскай аб нявыездзе) і 13 падазроных (шэсць — пад вартай, пяць — пад падпіскай аб нявыездзе, два — за мяжой). За кратамі знаходзяцца чатыры абвінавачаныя ў злачынстве кандыдаты ў прэзідэнты на выбарах 2010 года (Уладзімір Някляеў, Аляксей Міхалевіч, Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч), пад падпіскай аб нявыездзе — адзін (Віталь Рымашэўскі). Яшчэ два кандыдаты, Рыгор Кастусёў і Дзмітрый Ус, з’яўляюцца падазронымі і знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?