Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце звярнулася з лістом да прэзідэнта Рады кіраўнікоў ЕС Хермана ван Ромпэя і старшыні Еўракамісіі Жазэ Мануэла Барозу з заклікам пашукаць сродкі для як найхутчэйшага палягчэння руху ў Шэнгенскай прасторы і спрашчэння працэдуры атрымання візаў для грамадзянаў Беларусі незалежна ад магчымых санкцый ЕС

у дачыненні да беларускага кіраўніцтва. Пра гэта паведамляе літоўскае афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва ELTA.

Паводле літоўскага лідара, вельмі важна, каб беларусы маглі ездзіць у краіны ЕС на не менш спрыяльных умовах і плаціць за візы не даражэй, чым грамадзяне іншых усходніх суседзяў ЕС.

«Выбары ў Беларусі ў снежні 2010 года і падзеі пасля іх паказалі, што цяпер найбольш актуальнае пытанне — сітуацыя з правамі чалавека і дэмакратычнымі каштоўнасцямі ў Беларусі, удзельніцы АБСЕ і суседняй з намі краіны. Еўрапейскі саюз у імкненні дэмакратызаваць Беларусь спрабаваў розныя сродкі супрацоўніцтва і ўздзеяньня ў дачыненні да Беларусі. На жаль, тыя сродкі, якія паспрыялі ізаляцыі грамадзянаў гэтай краіны, не апраўдалі сябе. Таму неабходна шукаць новыя спосабы супрацоўніцтва зь Беларуссю», — гаворыцца ў лісце Д.Грыбаўскайце кіраўнікам ЕС.

Паводле прэзідэнта Літвы, толькі палегчыўшы магчымасці руху для бальшыні грамадзянаў Беларусі і разам з тым іх кантакты з грамадзянамі ЕС, можна паспрыяць лібералізацыі ў гэтай краіне.

У лісце Д.Грыбаўскайце, які цытуе прэзідэнцкая прэс-служба, прапануецца абмеркаваць гэтыя праблемы на сустрэчах Рады замежных справаў і Рады кіраўнікоў ЕС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?