Праваабарончы цэнтр «Вясна» атрымаў інфармацыю, што яшчэ адным (чатрынаццатым, па нашых звестках) падазраваным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках з’яўляецца Аляксандр Квяткевіч, які ўжо адбыў 12-сутачны арышт на Акрэсціна за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня.

31 снежня Аляксандр Квяткевіч быў вызвалены пасля заканчэння адміністратыўнага арышту. Увечары 4 студзеня дадому да яго прыйшоў невядомы чалавек у цывільным, які не прадставіўся, у суправаджэнні ўчастковага. Прадстаўнікі праваахоўных органаў сказалі, што неабходна правесці некаторыя дадатковыя дзеянні ў адносінах да Аляксандра (дактыласкапія, дадаткоавыя здымкі і інш.), таму маладому чалавеку трэба пайсці з імі. Удакладнілі, што ўсё гэта зойме не больш за 3 сутак.

Аднак пасля заканчэння 3 сутак Аляксандр Квяткевіч дадому не вярнуўся, а маці стала вядома, што ўвечары 6 студзеня ён быў пераведзены ў СІЗА на вул. Валадарскага ў якасці падазраванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?