Менскіх варон прымусілі зьмяніць месца жыхарства. Дзякуючы экспэрымэнтальным біяакустычным ды ўльтрагукавым прыстасаваньням, вароны з ваколіцаў Адміністрацыі прэзыдэнта ды парка па вуліцы Чырвонаармейскай пераляцелі ў іншыя месцы. У прыватнасьці, засялілі двары непадалёк. Як ставяцца да экспэрымэнту жыхары гэтых двароў? Арнітолягі ды эколягі?

Гучным карканьнем цяпер пачынаецца і сканчаецца кожны дзень жыхароў вул.Іванаўскай – што непадалёк літоўскай амбасады. Сюды, мяркуюць тутэйшыя, вароны прыляцелі з парку на набярэжнай Сьвіслачы – там яны, мусіць, перашкаджалі жыхарам элітных дамоў уздоўж ракі. Але асаблівага раздражненьня новыя суседзі ў людзей не выклікаюць, кажа мая суразмоўца Валянціна.

(Валянціна: ) «Дрэвы – чорныя ад варонаў. Спачатку яны стракаталі цэлымі суткамі – мусіць, абмяркоўвалі, як ім цяпер жыць. Цяпер вельмі гучна крычаць толькі зранку і перад сном – увечары. Я стаўлюся да варон вельмі станоўча – гэта вельмі разумная птушка. Хоць і кажуць на іншых разявак: «Што ты, як варона?» – гэта няпраўда. Вароны разумныя. І гэта частка біяразнастайнасьці – і яны маюць права суіснаваць з намі побач».

На думку арнітоляга Аляксандра Вінчэўскага, старшыні грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Беларусі», прымусова зганяць варон з наседжаных месцаў – ня значыць вырашыць праблему чысьціні горада.

(Вінчэўскі: ) «Наяўнасьць вялікай колькасьці варон у горадзе – індыкатар чысьціні горада. Як тэрмомэтар. І прымусіць варон пераляцець з аднаго месца на іншае – тое самае, што разьбіць той тэрмомэтар. Але ж гэта ня будзе лячэньнем. На Захадзе гарадзкія сьметнікі апрацоўваюць адмысловай пенай, пасьля гэтага ўжо птушкі не ядуць гэта – значыцца, у пошуках ежы будуць шукаць іншыя месцы. А ў нас іх папросту сагналі з наседжаных месцаў, а сьмецьця, дзе яны шукаюць ежы, засталося столькі ж. То бо, біяакустычныя сыстэмы гэтыя зьнішчаюць сымптомы, а не іхную прычыну. Зь іншага боку, гэта робяць без забойства, бяз гвалту».

Эколяг Валеры Дранчук лічыць экспэрымэнт над варонамі дзікунствам.

(Дранчук: ) «Мяркую, гэтая гісторыя будзе мець працяг. Гвалт над дзікай прыродай заўсёды мае наступствы. Я часам пракладаў лыжню ў парку на Чырвонаармейскай і цудоўна разумею, што такое – вароны над галавой. Але яны мне ніколі не перашкаджалі. Чалавек мусіць суіснаваць з прыродай. І зганяць птушак з гнёздаў – гэта не адпавядае крытэрам экалягічнай этыкі. Варона – таксама птушка...»

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?