Палітыка Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі разарваная на шматкі.
Два гады кантактаў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, прамое супрацоўніцтва ў рамках праграмы «Усходняе партнёрства» і мяккі націск, накіраваны на забяспечанне хоць нейкай прасторы для дэмакратаў у краіне — усё гэта скончылася крахам 19 снежня, калі міліцыя здушыла смелы масавы пратэст супраць падтасовак на выбарах. Былі праведзеныя рэйды і ператрусы ў незалежных сродках масавай інфармацыі і няўрадавых арганізацыях, сотні змагароў за дэмакратыю апынуліся за кратамі, дзе іх чакае брутальнае абыходжанне і суворыя прысуды. Гэта быў змрочны дзень — як для дэмакратычнай апазіцыі Беларусі, так і для хваленай «мяккай сілы» Еўропы.
Еўрапейскіх палітыкаў гэтыя падзеі заспелі знянацку.
Многія з тых, хто ў шоку і жаху здалёк назіраў за рэпрэсіўнымі дзеяннямі міліцыі, цяжка працавалі (разам са сваімі беларускімі партнёрамі) над перазагрузкай адносін з Беларуссю, паставіўшы на кон свой асабісты аўтарытэт. Іхнае абурэнне было адлюстраванае ў рэзкім асуджэнні, з якім выступілі ў СМІ міністры замежных справаў Швецыі, Чэхіі, Польшчы і Германіі. Тым не менш, у афіцыйных заявах амаль нічога не гаворыцца пра тое, што Еўрасаюз павінен зрабіць у адказ. А цяпер неабходная перазагрузка перазагрузкі — гэта значыць, разварот на 180 градусаў.
Дэмакратыя ў Беларусі знаходзіцца ў стане гуманітарнай катастрофы.
Шмат людзей апынулася за кратамі, у многіх няма цёплай вопраткі, дастатковага харчавання, неабходных медыкаментаў, адсутнічае юрыдычная дапамога. Пасля вызвалення яны далей пераследуюцца міліцыяй, іх пазбаўляюць працы, выганяюць з універсітэтаў. Усе яны маюць патрэбу ў абароне, прытулку і фінансавай падтрымцы. Еўрасаюз павінен неадкладна аказаць ім дапамогу, дзейнічаючы праз амбасады, дабрачынныя арганізацыі, а таксама звяртаючыся да паасобных грамадзянаў.

Горш за ўсіх даводзіцца 23 затрыманым, якія знаходзяцца ў турмах КДБ, уключаючы кандыдатаў у прэзідэнты ад апазіцыі і іх паплечнікаў. Паводле дадзеных Amnesty International, на допытах іх нават катуюць. Здароўе як мінімум дваіх з іх — Андрэя Саннікава і Уладзіміра Някляева — хутка пагаршаецца, і ім патрэбная неадкладная медычная дапамога. Еўрасаюз абавязаны запатрабаваць гуманнага стаўлення да зняволеных, прадстаўлення ім сустрэчаў з дактарамі, адвакатамі і сваякамі, і ўрэшце вызвалення гэтых затрыманых.

Ва ўсіх астатніх пытаннях адносіны паміж Еўрасаюзам і Беларуссю мусяць быць замарожаныя.
Усе праекты, такія як планы паглыблення супрацоўніцтва, удзел у праграме Усходнееўрапейскага партнёрства, выдача крэдытаў і аказанне эканамічнай дапамогі з боку еўрапейскіх арганізацый павінныя быць прыпыненыя аж да вызвалення затрыманых мінскім рэжымам.

Давядзецца зноў увесці візавыя забароны для мінскага кіраўніцтва, якія былі скасаваныя два гады таму. Спіс асобаў, уезд якіх на тэрыторыю Еўрасаюза павінен быць забаронены, неабходна перагледзець і пашырыць, уключыўшы туды вінаватых у падтасоўцы на выбарах і ў брутальнасці пасля іх.

Туды варта ўнесці прозвішча Лукашэнкі, а таксама кіраўнікоў цэнтральнай і рэгіянальных выбарчых камісій, кіраўнікоў дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, афіцэраў, якія загадвалі ўжываць гвалт супраць пратэстоўцаў, прозвішчы следчых з КДБ, начальнікаў турмаў, дзяржаўных пракурораў і суддзяў, якія сотнямі выносілі палітычна матываваныя прысуды.
Гэта падасць выразны сігнал дзяржаўнаму апарату Беларусі, а таксама пазбавіць злачынцаў магчымасці выдаткоўваць свае прэміяльныя падчас адпачынкаў і шоп-тураў у краінах Еўрасаюза.

Адначасова Еўрасаюз павінен прыняць у свае абдымкі простых беларусаў. Шмат хто ў Беларусі, каго пятнаццаць гадоў ізалявалі і бамбілі антызаходняй прапагандай, не ведае нават таго, ці быў бы ён жаданым госцем у сям’і еўрапейскіх народаў.

Еўрасаюз можа развеяць гэтыя сумневы ліберальнай візавай палітыкай, або адмяняючы ўсе візавыя патрабаванні, або, як мінімум, даючы без абмежаванняў візы нармальным грамадзянам.
Гэта стане праявай салідарнасці з грамадствам, якое апынулася ў аблозе. З часам адкрытыя межы ўзмоцняць пазіцыі тых беларусаў, якія бачаць будучыню сваёй краіны разам з Еўропай. Польшча некалькі дзён таму падала добры прыклад, увёўшы ўласныя візавыя абмежаванні для прадстаўнікоў уладаў у Мінску і адмяніўшы плату за нацыянальныя візы для грамадзянаў Беларусі.

Еўропа павінная таксама аказаць большую падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Нягледзячы на шматгадовы ціск з боку дзяржавы, у гэтай «апошняй дыктатуры Еўропы» існуе энергічная і даволі шматлікая дэмакратычная супольнасць, якая не баіцца гаварыць свабодна, незалежна і крытычна. Гэтая супольнасць зведвае магутныя нападкі з боку дзяржаўнай улады, і выжыць яна зможа толькі дзякуючы неадкладнай дапамозе Еўропы. Некаторыя краіны Еўропы, такія як Нідэрланды і Швецыя, даўно ўжо даюць такую фінансавую дапамогу, якая цяпер патрэбная больш, чым калі-небудзь раней. Увесь Еўрасаюз павінен разглядаць беларускую грамадзянскую супольнасць як легітымны голас сваёй краіны, уключаючы яе ў любы дыялог на тэму адносін паміж Еўрасаюзам і Беларуссю.

Калі глядзець на даўжэйшую перспектыву, дык

пакуль Беларуссю кіруе Лукашэнка, нічога добрага з яе не атрымаецца. І тут Еўрасаюз павінен памятаць аб наяўных у яго магутных рычагах эканамічнага ўздзеяння,
бо краіны Еўрасаюза з’яўляюцца галоўнымі атрымальнікамі беларускага экспарту. Еўрасаюз знойдзе ў гэтым пытанні партнёра ў Злучаных Штатах, бо ЗША па-ранейшаму ўстойліва падтрымліваюць беларускую дэмакратыю. Еўрапейскія лідары павінныя таксама давесці Маскве, што «мадэрнізацыйнае партнёрства» Расіі з Еўрасаюзам распаўсюджваецца і на іх агульных суседзяў — уключаючы Беларусь.

Беларусы называюць 19 снежня 2010 г. сваёй «крывавай нядзеляй». Калі Еўропе хопіць мужнасці, каб супрацьстаяць Мінску, гэты дзень можа запомніцца і як пачатак канца тыраніі Лукашэнкі.

* * *

Ёрг Форбрыг — адзін з кіраўнікоў праграмы па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе Фонда Маршала «Германія-ЗША» ў Берліне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?