Кэтрын Эштан не стала сустракацца з Мартынавым у панядзелак і аўторак. Кіраўнік МЗС Беларусі пакінуў Брусэль.

Весткі аб рэзкім пагаршэнні адносінаў з Еўрасаюзам устрывожылі кіраўніцтва Беларусі. 8 студзеня расійскае інфармацыйнае агенцтва РІАН паведаміла са спасылкай на ўласныя крыніцы ў Брусэлі, што паслы краін ЕС распачалі фармальную працэдуру аднаўлення санкцый супраць лукашэнкаўцаў. Такую рэакцыю выклікалі «выбары» 19 снежня і арышт лідараў апазіцыі пасля іх.

У панядзелак 10 студзеня міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў тэрмінова вылецеў у сталіцу Еўрасаюза. Крыніцы ў Брусэлі паведамлялі, што беларускі чыноўнік прасіў аб сустрэчах з кіраўнічкай дыпламатыі ЕС Кэтрын Эштан і еўракамісарам па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфанам Фюле.

Паведамлялася, што раней Мартынаў нефармальна сустракаўся з Фюле ў Празе.

Вал рэпрэсій у Беларусі выклікаў бурную рэакцыю грамадзянскай супольнасці Еўропы. Грамадскасць патрабуе ад урадаў тэрміновых мераў па абароне правоў чалавека ў краіне, што мяжуе з трыма дзяржавамі ЕС.

У выніку нават

візіт Мартынава ператварыўся ў халодны душ. Як паведаміла польскае агенцтва ПАП, ні 10 студзеня, ні 11-га ні баранэса Эштан, ні Фюле з Мартынавым не сустрэліся. У беларускім МЗС былі вымушаны паведаміць, што «міністр працуе ў Брусэлі па сваім графіку».
Тым часам дыпламаты Еўрасаюза фармуюць спісы беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў, якія падпадуць пад візавыя санкцыі ЕС. Як паведамляюць крыніцы, у папярэднім варыянце спіса аказалася больш за 100 чалавек. Адзінай краінай, якая выступае супраць увядзення санкцый, аказалася Італія. Нагадаем, што Лукашэнка меў сустрэчы з прэм’ер¬міністрам Італіі Сільвіа Берлусконі як у Мінску, так і ў Рыме.

Таксама і Літва «робіць усе спробы, каб Беларусь не зачыняла дзвярэй Еўропе і не ішла да самаізаляцыі», такую заяву зрабіў кіраўнік МЗС гэтай краіны Аўдронюс Ажубаліс. А прэзідэнтка краіны Даля Грыбаўскайце заклікае аблегчыць візавы рэжым для грамадзян Беларусі.

А вось прадстаўнікі Швецыі і Венгрыі, якая цяпер старшынюе ў ЕС, выказваліся за аднаўленне візавых санкцый.

За жорсткую рэакцыю Еўропы выступілі ўплывовыя ў беларускім пытанні Германія, Польшча, Чэхія і Нідэрланды.

Што звярнула ўвагу, упершыню Брусэль пачаў разглядаць опцыю ўвядзення эканамічных санкцый.

На любыя санкцыі афіцыйны Мінск рэагуе балюча. Раней лукашэнкаўская адміністрацыя была вымушаная пайсці на саступкі, каб санкцыі былі скасаваныя.

Пасол Венгрыі ў Беларусі Ферэнц Контра тым часам падрыхтаваў заяву ад імя паслоў краін ЕС з патрабаваннем вызваліць з турмы ўсіх палітзняволеных. Пасля прасілі пра сустрэчу з экс¬кандыдатамі ў прэзідэнты. КДБ у гэтым адмовіў.

Тым часам міністр унутраных справаў Чэхіі Радэк Ён на сустрэчы ў Празе з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі заявіў, што Чэхія гатовая прыняць усіх беларускіх палітуцекачоў. Нават калі Беларусь будзе дабівацца іх выдачы праз Інтэрпал.

На афіцыйным сайце МЗС Беларусі няма ніякай інфармацыі пра візіт міністра Мартынава ў краіны ЕС. Аднак беларускія інфармагенцтвы распаўсюдзілі каментар прэс-сакратара МЗС РБ Андрэя Савіных, які нібыта заявіў, што Мартынаў вылятаў у Брусэль, што «міністр працуе па сваім графіку працоўных сустрэч і кансультацый»,
і частка гэтых сустрэч пройдзе ў Брусэлі. Якія менавіта сустрэчы, з кім, калі і па якіх пытаннях — наконт гэтага МЗС Беларусі каментароў не дае.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?