Xlam: Лучшая белорусская альтернатива

Go-Records, 2006.

Колісь выйшаў дыск пад назвай «Альтэрнатыва.by», які нарабіў розгаласу, бо прэзэнтаваў ня толькі творы айчынных музыкаў, але і цэлы культурны пласт. Дыск Xlam, відаць, ужо прэзэнтуе альтэрнатыву той «Альтэрнатыве.by».

За апошнія пяць год узгадавалася зусім іншае музычнае племя, якое абрала сваю плынь, эстэтыку і мову выкананьня. «Альтэрнатыва» тут паняцьце звужанае: г.зн. музычны кірунак, які спалучае ў сабе элемэнты розных стыляў, пераважна брутальнага кшталту (ню-мэтал, дэз-кор, рэп-кор ды іншыя музычныя гібрыды). Музыка экспрэсіўная, агрэсіўная, сплеценая з нэрваў і крыкаў. Эмоцыя тут важыць куды болей за слова. Можа, з гэтай прычыны мове выкананьня тут увагі надаецца мала.

Таму сярод двух дзясяткаў прадстаўнікоў нібыта «лепшай беларускай альтэрнатывы» толькі тры пяюць па-беларуску. «Мы думаем па-расейску, навошта займацца самападманам. Па-беларуску я магу толькі сьпець «Га...но пчолы, га...но мёд, га...но дзядзька пчалавод», – неяк шчыра прызнаўся вакаліст «ТТ-34». Зрэшты, часам за цяжкімі рыфамі і няякасным запісам ня проста здагадацца, ці ўжываюць пеюны родную мову. Але ў тым і канцэпцыя складанкі – зьмяшаць маладых і знаных. Зь першых вылучыць кагосьці на дыску цяжкавата (хіба Ricoshet і Usplёsk).

Знаныя трымаюць марку – ТТ-34, Rasta, Tav.Mauzer. Затое той маркі не трымаюць укладальнікі – дыск повен памылак друку. Магілёўцы названыя проста Mauzer, а песьня «Згубіцца» гурту Termin Х набыла дзівосную назву «Зубіцца». У аснове сваёй – безаблічная музыка, цікавая тым, хто хоча аддаць даніну сёньняшняй музычнай модзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?