Далучэньне Беларусі да Кіёцкага пратаколу, які быў задуманы як мэханізм скарачэньня парніковых выкідаў, можа прывесьці да супрацьлеглых вынікаў, – лічаць у прыродаабарончай арганізацыі.

Магчымасьць далучэньня Беларусі да Кіёцкага пратаколу абмяркоўвалася ў далёкай Кеніі на міжнароднай канфэрэнцыі па зьмяненьні клімату, – паведамляе National Post.

Прыродаабарончыя арганізацыі заявілі ў сталіцы Кеніі Найробі, што з дапамогай Кіёцкага пратаколу Беларусь спадзяецца выкарыстаць эканамічны спад на сваю карысьць, зарабляючы на «квотах» на выкід парніковых газаў.

Аб’ём парніковых выкідаў у краінах былога СССР зьменшыўся галоўным чынам у 1990-х, калі пачаўся заняпад постсавецкай эканомікі. А паводле Кіёцкага пратаколу краіны могуць прадаваць свае квоты на парніковыя выкіды, калі самі выкідаюць у паветра парніковых газаў менш, чымсьці ў 1990-м. І гэтай умове рэспублікі былога СССР акурат адпавядаюць, вось толькі справа тут не ў сьвядомым дбаньні пра зьніжэньне выкідаў, а ў гістарычных абставінах, – лічаць у прыродаахоўных арганізацыях.

Нельга, каб Кіёцкі пратакол стаўся закладнікам гэтых абставінаў, –заклікалі грынпісаўцы на канфэрэнцыі ў Афрыцы.

На думку прыродаабаронцаў, далучэньне Беларусі да Кіёцкага пратаколу прывядзе акурат да процілеглых вынікаў: прыбыткі ад продажу квотаў пойдуць на разьвіцьцё эканомікі й як вынік – павелічэньне аб’ёму парніковых выкідаў.

А гэта будзе супярэчыць самой сутнасьці пратаколу, – перакананыя ў Грынпісе.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?