Прадстаўнік "Газпрому" Купрыянаў празрыста намякнуў сёньня, што ад 1 студзеня расейскі манапаліст можа адключыць Беларусі газ.

Адметна, што акурат перад выходнымі кіраўнікі "Белтрансгазу" і "Газпрому" правялі перамовы ў Маскве. Сёньняшняя заява дае падставы зрабіць выснову, што вялікага плёну дыялёг у пятніцу ня даў.

Газавы бліцкрыг Масква аднойчы ўжо спрабавала. Гэта было ў лютым 2004 году. Але тады, на думку шэрагу аналітыкаў, псыхалягічную перамогу атрымаў Менск. У прыватнасьці таму, што ўзрушылася Эўропа, інтарэсы якой таксама пацярпелі.

Вось што я пісаў з гэтай нагоды ў "Нашай ніве" паўгоду таму:

"Так было ў лютым 2004 года. Тады Масква маральна прайграла першую газавую вайну.

Беларускі прэзыдэнт адклікаў амбасадара, назваў дзеянні расейскага кіраўніцтва дзяржаўным тэрарызмам, заступіўся за Эўропу, якая бязьвінна пацярпела ад зачыненай засланкі. І нават згоду на "ўмовы Пуціна" падаў як змушанае адрыванне кавалку ў чарнобыльцаў ды вэтэранаў.

Карацей, зрабіў сабе гуманістычны ды патрыятычны піяр па поўнай праграме. Напалохаў Крэмль рахункам за вайсковыя аб’екты ды іншыя паслугі. Набраў ачкоў як рэальны абаронца сувэрэнітэту.

А пастфактум, калі канфлікт збольшага ўлагодзілі, яшчэ й віртуозна зрабіў апазыцыю вінаватай. Маўляў, гэта яна распальвае варожасьць да братняе Расеі, палітызуючы спрэчку гаспадарчых суб’ектаў.

Пераказваю так дэталёва, бо сюжэт можа паўтарыцца".

Сёньня мы бачым, што сюжэт сапраўды паўтараецца.

Але да якой стадыі магчымы дубаль-2? Ці рызыкне расейскі бок зноў учыніць форс-мажор?

Эканаміст Яраслаў Раманчук у размове са мной падкрэсьліў: сымптаматычна, што новыя грозныя заявы Масквы гучаць пасьля таго, як беларускі прэзыдэнт сустрэўся з Пуціным, а затым чарговы раз намякнуў на магчымасьць сустрэчнага рахунку (плата за расейскі транзыт, вайсковыя аб'екты і г.д.) ў выпадку рэзкага падаражэньня газу.

"Бакі агалілі шпагі, і кампраміс пакуль ўгледзець цяжка, — кажа экспэрт. — Відавочна, што Менск да апошняга ня хоча прадаваць "трубу", а Крэмль паказвае, што зараз ужо не зьбіраецца жартаваць".

Ён дадаў, што гэтым разам Расея можа лепей падрыхтавацца да імавернага бліцкрыгу. У прыватнасьці, дамовіцца з Украінай пра павелічэньне прапампоўкі "блакітнага паліва" ў Эўропу.

Звыш таго, зазначыў мой суразмоўца, за афіцыйны Менск Захад можа і не заступіцца так, як некалі за "аранжавую" Украіну, што таксама зьведала "газавую вайну" напачатку 2006 году.

Паводле папярэдняга прагнозу Раманчука, "блакітнае паліва" з новага году можа каштаваць для Беларусі блізу 150 даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?