Еўрапарламентарыі заклікалі Еўрасаюз прыпыніць выдачу віз беларускім чыноўнікам, адказным за парушэнні падчас прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта гаворыцца ў сумесным заключэнні ўдзельнікаў дыскусіі,

што прайшла падчас пасяджэння камітэта па замежных справах Еўрапарламента ў Бруселі 12 студзеня.

Выкладаючы палажэнні дакумента, кіраўнік камітэта па замежных справах Габрыэль Альберціні зазначыў: прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам. Еўрапарламентарыі асудзілі рэпрэсіі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў 19 снежня ў Мінску, а таксама арышты і затрыманні ў Беларусі. Яны заклікаюць ЕС перагледзець адносіны з Беларуссю.

Удзельнікі дыскусіі прапанавалі прадоўжыць візавыя санкцыі беларускім чыноўнікам да вызвалення палітычных зняволеных. Пры гэтым кошт віз для звычайных грамадзян Беларусі прапаноўваецца скараціць.

Еўрапарламентарыі таксама прапаноўваюць Еўрасаюзу аказаць фінансавую падтрымку беларускім СМІ і НДА, падтрымаць грантамі студэнтаў з Беларусі.

Апрача таго, прапанавана перагледзець парламенцкія адносіны з Беларуссю ў межах Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства (Еўранест).

Еўрапарламентарыі асудзілі закрыццё офіса АБСЕ ў Мінску.

Старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек падчас дыскусіі падкрэсліў: ЕС павінен загаварыць у адзін голас і патрабаваць вызвалення беларускіх палітзняволеных.

«Варта памятаць словы Евы Някляевай пра тое, што ў нас ёсць ключы ад турмы, дзе знаходзіцца яе бацька», — сказаў ён.

Сярод прапаноў, якія заслугоўваюць увагі, кіраўнік Еўрапарламента адзначыў заклік да правядзення ў Беларусі паўторных выбараў.

Бузек, у сваю чаргу, прапанаваў выключыць Беларусь з міжнародных спартыўных мерапрыемстваў — такіх як Алімпіяда і Кубак свету.

Ён таксама прапанаваў накіраваць у Беларусь місію, каб расследаваць падзеі, звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі, і абмеркаваць беларускую сітуацыю на сесіі ў Страсбургу на наступным тыдні. Неабходна абмеркаваць і пытанні супрацоўніцтва з Беларуссю ў межах Еўранеста, мяркуе Бузек.

Пра важнасць падтрымкі грамадзянскай супольнасці Беларусі казаў у сваім выступленні еўракамісар па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле. Еўрасаюз, паводле яго слоў, павінен «адкрыць каналы прамой дапамогі НДА, СМІ і студэнтам, а таксама аблегчыць для беларусаў магчымасці паездак у ЕС».

«Улады павінны неадкладна вызваліць затрыманых і спыніць крымінальную справу ў дачыненні да іх, калі хочуць пазбегнуць санкцый. Гэта пытанне некалькіх дзён, а не тыдняў», — падкрэсліў еўрапейскі палітык.

Чакаецца, што сітуацыя ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў будзе абмяркоўвацца на сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў Страсбургу 24–28 студзеня.

Палітычнае рашэнне Еўрасаюза па санкцыях у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў

павінна быць прынята 31 студзеня на нарадзе міністраў замежных спраў краін ЕС.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?