Эўразьвяз падрыхтаваў праект новай стратэгіі ў дачыненьні да Беларусі. Аналітыкі лічаць, што гэта для афіцыйнага Менску — пернік (дакладней, шакалядка, бо Брусэль славуты гэтым прадуктам). Іншае пытаньне, наколькі спакусяцца пачастункам беларускія ўлады. Бо начыньне — то бок набор умоваў — можа падацца нясмачным.

Прынамсі, раней такога канцэптуальнага дакумэнту не было. Былі шматлікія заявы, рэзалюцыі эўрапейскіх структураў, "чатыры вядомыя ўмовы АБСЭ" (настолькі зашмальцаваныя агульнымі згадкамі, што многія ўжо забыліся на іх зьмест).

Былі і спробы напалохаць санкцыямі. Але, як паказала гісторыя са спробай выключыць Беларусь з агульнай сыстэмы прэфэрэнцыяў у гандлі, Брусэль ня выявіў асаблівага імпэту, бо жорсткія захады маглі б ударыць бумэрангам.

Тым часам айчынныя апазыцыянэры ды аналітыкі крытыкавалі Эўропу за брак рашучасьці, адсутнасьць адзінага падыходу да беларускага пытаньня.

Так што распрацоўка стратэгіі — станоўчы момант, крок наперад, кажа палітоляг Валер Карбалевіч.

На яго думку, раней захады Эўропы ў дачыненьні да Беларусі не спрацоўвалі, у прыватнасьці, таму, што сыгналы былі недастаткова выразныя. Цяпер выглядае на тое, што афіцыйнаму Менску прапануюць пернік. Прасьцей кажучы — фінансавую дапамогу, гандлёвыя выгады і г.д. Натуральна, гэта абумоўлена шэрагам патрабаваньняў.

Валер Карбалевіч лічыць, што апазыцыя такім чынам можа атрымаць пэўныя козыры. Калі раней улады казалі, што ў Эўропе нас ніхто не чакае, то зараз — вось, калі ласка, дзьверы прыадчыняюцца!

Зрэшты, замежныя мэдыі ўжо выказалі засьцярогу, што ва ўмовах інфармацыйнай манаполіі ў краіне кіроўныя вярхі пастараюцца ўтоіць сэнс прапановаў Брусэлю.

Аналітык Андрэй Фёдараў, са свайго боку, дадае, што на паводзіны ўладаў у кантэксьце гэтай прапановы ў значнай ступені будзе ўплываць тое, наколькі моцным выявіцца расейскі ціск.

Пакуль што паводзіны Менску выглядаюць супярэчліва. З аднаго боку, вызвалены з калёніі Мікалай Астрэйка. Зь іншага боку, некалькіх заходніх прадстаўнікоў нядаўна не пусьцілі на Менскі форум, адплаціўшы такім чынам за візавыя санкцыі ЭЗ. Ды і на самім форуме адбыўся даволі скандальны абмен палемічнымі ўдарамі.

Верагодна, беларускія ўлады пабойваюцца прадэманстраваць слабасьць. І калі вызваленьне аднаго ці некалькіх палітвязьняў — гэта, мусіць, яшчэ дапушчальнае для сыстэмы поле гульні з Захадам (тым болей, што рэпрэсыўная машына заўжды можа зрабіць новы абарот), то канкрэтныя крокі ў кірунку дэмакратызацыі (напрыклад, выбарчага працэсу) пакуль што праблематычныя.

"Улады баяцца трэшчыны ў сыстэме, калі іх апанэнты атрымаюць большыя магчымасьці ўзьдзейнічаць на палітычны працэс", — рэзюмуе Валер Карбалевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0