Напярэдадні старога Новага года ўспамінаем кіраўніка ўрада, які пайшоў у адстаўку ў самым канцы снежня.
Шосты прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Сяргей Сідорскі прабыў на чале ўраду больш, чым хто небудзь з яго папярэднікаў — цэлых 7 гадоў. «Салідарнасць» расказвае, як былы кіраўнік урада эканоміў на канцтаварах, каго папрасіў у прысутнасці Уладзіміра Пуціна не называць нашу краіну «Беларусіяй» і за заслугі перад якім горадам ганараваўся адзінай узнагародай.

 Сідорскі здролеў пасябраваць з Пуціным. Гэта каштавала яму пасады.

Сідорскі здролеў пасябраваць з Пуціным. Гэта каштавала яму пасады.

1. Сідорскі 5 гадоў карыстаўся адной шарыкавай асадкай

Прынамсі, гэта вынікае з яго словаў. У 2009 годзе прэм’ер-міністр запатрабаваў у Мінфіна і мясцовых фінорганаў радыкальна скараціць выдаткі і расказаў, як сэканоміць мільёны даляраў на канцтаварах.

— З сённяшняга дня я забараняю правядзенне такіх (непершачарговых) плацяжоў у краіне… Я настойліва рэкамендую ніякіх такіх мерапрыемстваў з сённяшняга дня — пачынаючы ад машын і заканчваючы алоўкамі. Вось у мяне асадка 5 гадоў у кішэні — вы таксама так рабіце.

Вядомы і іншы факт сціпласці і беражлівасці прэм’ер-міністра. У 2006-м ён і прэм’ер Украіны Віктар Януковіч прыляцелі на верталётах папаляваць у Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры». Януковіч застрэліў дзіка вагой у 300–320 кілаграмаў, Сідорскі, як і было задумана, абмежаваўся кабанчыкам у 60 кг.

2. Падчас адпачынку Сідорскі наведваў тэатры і музеі

Пра любоў беларускіх высокапастаўленых чыноўнікаў да мастацтва да Сяргея Сідорскага чуць не даводзілася. З большай ахвотай яны па прыкладзе кіраўніка дзяржавы ўставалі на лыжню. А ў 2008 годзе стала вядома, што прэм’ер-міністр падчас адпачынку два дні… наведваў музеі і тэатры ў Санкт-Пецярбургу.

Нялішнім будзе дадаць, што Сяргей Сідорскі атрымліваў асалоду ад твораў мастацтва разам з сям’ёй.

3. Сідорскі з’яўляўся на людзях з жонкай Людмілай

Калі ў цывілізаваных краінах з’яўленне чыноўнікаў на людзях з жонкамі звычайная практыка, то ў Беларусі гэта нешта неверагоднае. З цалкам зразумелых прычынаў — вылучацца на фоне «самотнага ваўка» Аляксандра Лукашэнкі рызыкне не кожны. А Сяргей Сідорскі, відавочна, рызыкнуў.

Не сказаць каб яго бачылі з жонкай часта, але час ад часу гэта здаралася. Напрыклад, элегантная Людміла Сідорская была заўважаная з мужам на знакавых футбольных (не хакейных!) матчах Беларусь-Аргентына і Беларусь-Англія. А дачка прэм’ер-міністра Аксана неяк прызналася: у тым, што тата схуднеў, перш за ўсё заслуга яго жонкі.

Жонка прэм’ер-міністра вяла і досыць актыўнае самастойнае жыццё. «Наведваю мерапрыемствы, звязаныя з дабрачыннасцю — дапамогай дзецям, і модай», — расказала ў інтэрв’ю «Салідарнасці» Людміла Сідорская.

4. Сідорскі адначасова праяўляў сябе як савецкі і як сучасны кіраўнік

Гэта можна прасачыць нават па заявах былога прэм’ер-міністра.

— Я ў краме ўчора браў італьянскія памідоры, з улікам захоўвання і транспартных выдаткаў яны канкурэнтаздольныя з беларускай прадукцыяй, — сказаў неяк на паседжанні прэзідыума ўрада прэм’ер-міністр. І далей зрабіў традыцыйныя для прадстаўніка сістэмы высновы: прапанаваў пакараць па ўсёй строгасці кіраўніка Белкаапсаюза.

З іншага боку, Сяргей Сідорскі вельмі адназначна выказаўся пра якасць беларускай сістэмы кіравання: «Неабходна падымаць чыноўнікаў з месца, а хто сумняецца — саджаць у самалёт і паказаць, як працуе ўвесь свет».

5. Сідорскі «прарваўся» з візітамі ў еўрапейскія сталіцы

Другі тэрмін Сяргея Сідорскага на чале ўрада прыпаў на перыяд лібералізацыі і дыялогу з Еўропай. Для экс-прэм’ера на зайздрасць яго папярэднікам расчыніліся дзверы некаторых еўрапейскіх сталіц — весці перамовы непасрэдна з «апошнім дыктатарам» кантынента ўсё ж саромеліся.

Сяргей Сідорскі, у прыватнасці, пабываў з працоўнымі візітамі ў Варшаве, Рызе і Лондане — там, куды нават у перыяд лібералізацыі не ступала нага кіраўніка дзяржавы. Тым часам паездка Лукашэнкі ў Вільню падавалася як грандыёзная падзея.

6. Сідорскаму неаднаразова паступалі прапановы замяніць Лукашэнку

Часцей за ўсё заклікі да Сідорскага адхіліць Лукашэнку ад улады гучалі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006-га. Спачатку з турмы на свабоду даслаў ліст Аляксандр Казулін. Ён заявіў, што «19 верасня 2006 г. заканчваецца легітымнасць па ўсіх падставах, і дэ-юрэ і дэ-факта, дзейнага прэзідэнта Лукашэнкі».

Затым экс-старшыня Савета Рэспублікі Аляксандр Вайтовіч заклікаў Сяргея Сідорскага з 21 верасня стаць «гарантам захавання Канстытуцыі і законаў краіны».

Праз некалькі месяцаў да прэм’ер-міністру зноў звярнуўся Аляксандр Казулін.

«Паважаны Сяргей Сяргеевіч!.. Надышла менавіта Ваша гістарычная гадзіна — прыняць адказнасць у строгай адпаведнасці з Канстытуцыяй за далейшае развіццё сітуацыі і будучыню Беларусі на сябе… Вам не трэба сыходзіць у адстаўку, а афіцыйна ўзяць стырно кіравання краінай у свае рукі, як в.а. прэзідэнта», — напісаў Казулін.

Рэакцыі Сідорскага на гэтыя і іншыя аналагічныя прапановы, натуральна, не было.

7. Нягледзячы на свой высокі статус, Сідорскі не ганараваўся ні адной беларускай дзяржаўнай узнагародай

Новы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч ужо ўзнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны», Айчыны III ступені, Дружбы (Расійская Федэрацыя). Падчас знаходжання Сяргея Сідорскага на чале ўрада яго першы намеснік Уладзімір Сямашка быў узнагароджаны ордэнам Пашаны, кіраўнік Нацбанка Пётр Пракаповіч — і зусім стаў Героем Беларусі. А вось у Сяргея Сідорскага, мяркуючы па афіцыйнай біяграфіі, за ўсю кар’еру не было ніводнай дзяржузнагароды.

Адзіная яго медаль атрыманая з рук Юрыя Лужкова — «За заслугі перад Масквой».

8. Сідорскі меў добрыя адносіны з Пуціным, які «цярпець не можа» Лукашэнку

Прынамсі, так прынята лічыць.

— Адчуваю, яго Пуцін палюбіў моцна, хацелася б даведацца, за што, — заявіў неяк кіраўнік радыё «Эхо Москвы» Аляксей Венедыктаў, кажучы пра Сідорскага. Можа, праз тое, што Пуцін цярпець не можа Лукашэнку?

У апошнія гады Сяргей Сідорскі, дамаўляючыся пра цэны на газ і іншае, меў мноства сустрэч з расійскім прэм’ер-міністрам. Таму калі ў канцы 2010 года ён заявіў пра падарунак Пуціну, здзівіліся не моцна.

— Давайце возьмем, прымем рашэнне і падорым яму да Новага года халадзільнік, — сказаў Сідорскі, адказваючы на пытанне аб тым, калі настане момант, калі ў расійскага прэм’ера дома будзе халадзільнік «Мінск» або «Атлант». Ці паспеў ён паднесці падарунак расійскаму прэм’ер-міністру, невядома.

9. Сідорскі ў прысутнасці Пуціна абурыўся тым, што яго краіну назвалі «Беларусіяй»

У снежні 2009 года Сяргей Сідорскі, знаходзячыся ў Санкт-Пецярбургу, выкінуў каленца, якога ад яго, напэўна, ніхто не чакаў. Ішло паседжанне Найвышэйшага органа Мытнага саюза Расіі, Беларусі і Казахстана, намеснік міністра эканамічнага развіцця РФ Андрэй Сляпнёў мірна выступаў перад прэм’ерамі трох дзяржаваў з прэзентацыяй. Як толькі той скончыў выступ, Сяргей Сідорскі заявіў:

— Ёсць адна заўвага — наша краіна называецца не Беларусія, а Беларусь.

Пасля гэтых словаў Сідорскі выйшаў з залы ў атачэнні Пуціна і прэм’ер-міністра Казахстана Масімава, паведамляла «Расійская газета».

10. Сідорскі сышоў у адстаўку пасля таго, як Лукашэнка западозрыў у ім палітыка

У сярэдзіне 2010 года паміж Сідорскім і Лукашэнкам адбылася нечаканая сутычка. На нарадзе, прысвечанай вынікам працы эканомікі ў першым паўгоддзі, прэм’ер-міністр звярнуўся да кіраўніка дзяржавы з ініцыятывай «нізоў» адсунуць тэрміны пагашэння крэдытаў на год. Лукашэнка прапановы не прыняў. Сідорскі мякка нагадаў, што за кожным заводам стаяць людзі. Гэтага хапіла, каб Лукашэнка ўзарваўся.

— Я палітык, я павінен думаць пра людзей, а вы павінны думаць пра эканоміку і фінансы… Вы голы эканаміст. Вы павінны прыходзіць з міністрам фінансаў да мяне і змагацца за кожны рубель, за кожную капейку. І гэта я павінен казаць, што там за імі стаяць людзі.

«Голы эканаміст», так і не знайшоў у сабе сілаў ператварыцца ў палітыка і быў адпраўлены ў адстаўку праз чатыры месяцы.

Ацэнку дзейнасці Сяргея Сідорскага на пасадзе прэм’ер-міністра па просьбе «Салідарнасці» даў экс-кіраўнік Нацбанка і ганаровы старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч.

— Сяргей Сідорскі працаваў як нядрэнны адміністратар, — лічыць ён. — Калі б Сідорскі быў на пасадзе гендырэктара буйнога прадпрыемства, то яго дзейнасць можна было б ацаніць станоўча. Але Сідорскі быў на чале ўрада! Там галоўнае не адміністраваць, а адчуваць сітуацыю і вырашаць глабальныя эканамічныя праблемы. У гэтай частцы ў Сідорскага вельмі адмоўныя вынікі: рост дэфіцыту гандлёвага балансу і рост замежнага доўгу краіны. Яны адмяняюць усе плюсы, якія былі дасягнутыя ўрадам Сідорскага па асобных напрамках.

Даючы ацэнку Сідорскаму як патэнцыйнаму палітыку (дарогі Божыя нязведныя), Багданкевіч адзначае, што экс-прэм’ер быў бы як мінімум не горшы за дзейнага кіраўніка дзяржавы. З іншага боку, ганаровы старшыня АГП вельмі сумняецца ў тым, што Сяргей Сідорскі можа пайсці па шляху расійскага экс-прэм’ера Міхаіла Касьянава і сысці ў апазіцыю.

— Касьянаў усё-ткі быў чалавекам дэмакратычных перакананняў, а наш Сідорскі — чалавек наменклатуры, — канстатуе Станіслаў Багданкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?