19 сьнежня вачыма відавочцы, які прайшоў гэтае пекла ад званка да званка. Блогер з сайта радыё «Свабода» Будзімір стварыў унікальны дзёньнік маніфестацыі і зьняволеньня. Унікальны, бо гранічна-шчыры, бяз спробаў самаўзьвялічваньня і прыхарошваньня рэчаіснасьці. Гэта літаратура факту высокай пробы.

 Затрыманне правакатара.

Затрыманне правакатара.

Нас, тых, хто адседзеў свае «суткі» за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве», цяпер часьцяком называюць героямі. Гэта, вядома, лашчыць слых, але я вымушаны ўзяць самаадвод. Без ілжывай сьціпласьці. Проста званьне героя мне сапраўды не па чыне.

Сёньня я адчуваю сябе зьняважаным і запалоханым абываталем. Які ня здолеў нічога зрабіць, калі адзін пярэварацень у пагонах душыў ягоную жонку, а іншы пагражаў ёй пазбаўленьнем бацькоўскіх правоў. Калі ягонага найлепшага сябра, інваліда І-ай групы, у якога праз трагічны зьбег абставінаў з усіх падораных прыродай канечнасьцяў засталася ў першапачатковым выглядзе толькі адна нага, павалілі на зямлю і поцягам цягнулі ў аўтобус.
Калі ягонаму сыну растаўклі нос. Калі на ягоных вачах нахабна зьдзяйсьнялі беззаконьне над дзясяткамі, сотнямі ні ў чым не вінаватых людзей.

Абываталем, які бяз бою дазволіў схапіць і гвалтоўна ўтрымліваць сябе разам з сваімі блізкімі насупраць архікатэдральнага касьцёла імя Найсьвяцейшай Панны Марыі людзям у чорнай уніформе, падобнай да амонаўскай, без апазнавальных знакаў, у чорных шлемах і чорных масках пад імі. Пасьля паслухмяна падпарадкоўваўся загадам ліпавых міліцыянтаў, ніводны зь якіх не прадстаўляўся і ня меў належнага бэджыка з прозьвішчам. Дазволіў засудзіць сябе ліпаваму суду ў асобе сп. Юферыцына, для сьмеху апранутага ў судзейскую мантыю клясычнага ўзору, на падставе паказаньняў нейкіх безыменных (!) «супрацоўнікаў міліцыі». Без удзелу адваката і сьведак, без найменшай спробы высьвятленьня акалічнасьцяў разгляданай справы, з адкрытым падтасоўваньнем сваіх уласных сьведчаньняў, з ігнараваньнем «зьмякчальных абставінаў» пры вынясеньні прысуду (адсутнасьць адміністрацыйных правапарушэньняў за апошні год і наяўнасьць двух непаўналетніх дзяцей). Нарэшце, дазволіў кінуць сябе за краты, не выказваючы актыўнага пратэсту супраць яўнай несправядлівасьці.

Абываталем, які пасьля ўсяго, што адбылося, перажывае зьмяшаныя пачуцьці, сумесь страху і нянавісьці, у якой пераважае страх, а зусім не жаданьне ўступіць у пэрманэнтную бязьлітасную барацьбу за аднаўленьне справядлівасьці ў сваёй краіне. Будзімір ува мне саступіў месца Дзьмітрыю, фізычнай асобе, вытканай з чалавечых слабасьцяў, скаванай чалавечымі прывязанасьцямі, далёка не дасканалай і не бясстрашнай. І гэты Дзьмітры нэрвова ўздрыгваецца пры кожным нечаканым званку ў дзьверы, баіцца адпускаць жонку ў краму, з жахам чакае заканчэньня школьных вакацыяў, калі дзіцяці давядзецца хадзіць на вучобу…

Дакладней, гэтыя дзьве іпастасі цяпер змагаюцца ўнутры мяне. Будзімір глядзіць на Дзьмітрыя, як герой рамана амэрыканскага пісьменьніка Кена Кізі «Палёт над зязюліным гняздом» індзеец Бромдэн глядзеў на бунтара Макмэрфі, калі таго прывезьлі ў палату ў бездапаможным, «агароднінным» стане пасьля лабатаміі. Макмэрфі даў быў надзею скалечаным і заняволеным пацыентам псіхушкі на збаўленьне, вучыў іх на ўласным прыкладзе быць свабоднымі і сьмелымі, ахвяруючы сваёй бясьпекай і здароўем. Здавалася, што яго нічога ня можа зламаць, ён ізноў і зноў уступаў у рызыкоўныя сутычкі з пэрсаналам псыхушкі, клаўся пад апарат для электрашокавай тэрапіі зь нязьменнымі жартамі і прымаўкамі. Але ў рэшце рэшт быў элегантным чынам раздушаны і размазаны рэпрэсіўнай машынай. Шляхам грубага фізычнага гвалту пераўтвораны ў напаўжывую нікчэмнасьць, асуджаную весьці жалю вартае існаваньне, служачы жахлівым папярэджаньнем астатнім пацыентам. Менавіта таму індзеец Бромдэн прымае цяжкае рашэньне забіць Макмэрфі, бо насамрэч гэта ня ён, а фальшыўка, «пустая штука», «дурная лялька з кірмашовага балагана». Вырабленая і выстаўленая на агляд з мэтай дэмаралізацыі і застрашваньня.

Сьпярша ўсе пацыенты дружна кпілі з той «лялькі» і дурасьці ейных стваральнікаў, якія маніліся правесьці іх на мякіне, але празь нейкі час, прыглядаючыся да яе ўпотай, знаходзілі ўсё болей падабенстваў з арыгіналам…

«Я назіраў за імі і спрабаваў сьцяміць, як паступіў бы ён на маім месцы. Адно я ведаў цьвёрда: ён бы не дапусьціў, каб нешта такое, з прышпіленым прозьвішчам, дваццаць ці трыццаць гадоў сядзела ў дзённым пакоі і сястра паказвала б: так будзе з усякім, хто пойдзе супраць сыстэмы. Гэта я ведаў цьвёрда…»

Задушыўшы Макмэрфі падушкай, Бромдэн зрабіў тое, чаго ня змог калісьці зрабіць ягоны кумір і настаўнік — выдраў з падлогі двухсоткіляграмовы разьмеркавальны пульт з цэмэнту і сталі, прабіў ім акно і вырваўся на волю. Што паклала канец дыктатуры страху ў асобна ўзятым псыхіятрычным аддзяленьні. Усе пацыенты, якія мелі поўнае права пакінуць шпіталь па ўласным жаданьні, аднак дасюль не карысталіся ім, бо былі перакананыя загадчыцай аддзяленьня ўва ўласнай бездапаможнасьці, напалоханыя і паняволеныя ёй, па чарзе сышлі ў самастойнае жыцьцё. Больш небясьпечнае, чым у шпіталі пад пільным наглядам пэрсаналу, і значна меней прадказальнае, але праз гэта паўнавартаснае.

Я да чаго. Усе вы бачылі «лялек з кірмашовага балагана», у якіх ператварылі сіх-тых учорашніх «парушальнікаў спакою». Хаця ня самых пасіянарных і бескампрамісных, ад таго не лягчэй. Відовішча публічнага самапрыніжэньня і баязьлівай здрады былых як быццам сьмельчакоў, якія кінулі выклік дыктатуры, робіць сваю справу — распаўсюджвае ў грамадзтве флюіды страху. Тую самую задачу выконвалі гвалтоўныя затрыманьні выпадковых мінакоў 19 сьнежня (па маіх назіраньнях, сярод затрыманых выпадковыя мінакі складалі ня менш за палову, калі ня большасьць) — пасеяць у грамадзтве прызабыты ірацыянальны страх перад уладай. Мне давялося бачыць прыкрыя праявы гэтага ліпкага страху, што выкручваў людзей, ператвараючы іх у дрыготкія стварэньні, у аддзяленьні міліцыі, у судзе, у турме. Урэшце я і сам яму паддаўся…

Тым ня менш, Будзімір, які ўсё яшчэ жыве ўва мне, настойліва паўтарае, што альтэрнатыва адна: або рухацца ў бок узрастаньня ўласнага страху, пераадольваючы яго, або стаць шчасьлівым крэтынам з заплюшчанымі вачыма, закрытымі вушамі і вуснамі, рабом, які лічыць сваё рабства годнай якасьцю.

І яшчэ. Мне дакладна вядома, чаго мне страшэнна не хацелася б — каб мае дзеці вырасьлі ў рабстве страху. Наўрад ці можна гэтага дасягнуць шляхам найменшага супраціву, проста зьехаўшы ў краіну з больш спрыяльнымі ўмовамі (такія думкі, каюся, мяне ўжо наведвалі). Таму я застаюся.

Гэта была прэлюдыя да справаздачы пра тое, як я правёў апошнюю дэкаду сьнежня 2010-га, якая, дасьць бог, зьявіцца напачатку наступнага году.

Праспект-2010
Хаця бяды нішто не прадвяшчала і здавалася, што плошчы пагражаюць хіба што мароз і сытая апатыя менчукоў, бо традыцыйныя страшылкі ўладаў выглядалі надта фармальна і блякла ў параўнаньні з 2006 годам, цалкам у духу лібэральных павеваў апошніх месяцаў, прыкладна за суткі да дня выбараў мяне ахапіла невытлумачальная трывога. Я катэгарычна адмовіў жонцы ў яе жаданьні прыйсьці на плошчу разам з нашым васьмігадовым сынам, які таксама загарэўся ідэяй удзелу ў мітынгу супраць дыктатуры і хацеў прыхапіць з сабой драўляны меч. Больш за тое, я пачаў упрошваць і яе саму не прыходзіць. Упершыню за многія гады.
Раней такой думкі ў мяне не ўзьнікала, калі была магчымасьць, мы выходзілі на мітынгі разам. У сваю чаргу, жонка, якой перадалася мая трывога, стала адгаворваць старэйшага сына — студэнта. Нягледзячы на сваю перакананасьць у тым, што ўжо хто-хто, а студэнты ня маюць права быць сацыяльным плянктонам. Яны па вызначэньні або бунтары, або не заслугоўваюць званьня студэнтаў.

Карацей, парадаксальным чынам на душы ў нас было вельмі неспакойна напярэдадні 19 сьнежня. Парадаксальным, бо ў 2006-ым я ішоў на плошчу — за выхад куды пагражалі расстрэльным артыкулам, і гэтая пагроза выглядала досыць праўдападобнай, паколькі лібэралізацыяй нават і ня пахла, а на ўсялякія там эўропы з амэрыкамі ўлада плявала з высокай званіцы — у прыўзьнятым, амаль сьвяточным настроі. Зрэшты, у той час мая сям’я знаходзілася ў падмаскоўным дачным мястэчку і за яе можна было не хвалявацца.

Калі ў сеціве зьявілася паведамленьне, якое мы прачыталі, ідучы з калёнай Рымашэўскага ад вакзалу ў бок Кастрычніцкай плошчы, што Ўладзімер Някляеў жорстка зьбіты і знаходзіцца ў рэанімацыі, я прамовіў уголас: «У мяне было прадчуваньне, што нешта такое абавязкова здарыцца…»

Тым ня менш, пераадольваючы ўсё большую трывогу, на плошчу я пайшоў. Бо, як і было сказана, «калі цябе няма на плошчы — значыць, цябе няма наогул». Аднаму зацятаму хатняму тролю сайта svaboda.org прымроілася ў гэтых словах хамская абраза на адрас беларусаў, якія з розных прычынаў выходзіць на плошчу не зьбіраліся. Пэўна, ён вырашыў, нібыта я грэбліва называю пустым месцам тых, хто застанецца дома ўвечары 19-га. Каб не было непаразуменьняў, тлумачу як мага больш даступна: гаворка ішла пра тое, што ўлады не пакінулі сваім апанэнтам іншай магчымасьці заявіць пра сябе, праявіцца, апроч як выйсьці разам на вуліцы гораду.

Той, хто песьціць свой пратэст выключна ўнутры, у хатніх умовах, застаецца нябачным для ўладаў і не прымаецца ў разьлік. Таму ніякіх абразаў, проста канстатацыя факту: жадаеш існаваць як сацыяльна-палітычная адзінка — выходзь з глухой каморы на сьвятло. Іначай для ўлады (не для мяне, хто я такі, каб кагосьці судзіць) ты застанесься пустым месцам, якое можна і надалей ігнараваць.

Папярэдне я схадзіў прагаласаваць за Мікалая Статкевіча.

У 2001-ым мне давялося галасаваць за «альтэрнатыўнага кандыдата» фактычна супраць волі, сьціснуўшы зубы, бо насамрэч я не хацеў бачыць яго прэзыдэнтам. І потым, шчыра кажучы, мне было сорамна за свой аддадзены голас. Праводзячы яго з плошчы-2001 да машыны, а ён ішоў у атачэньні шматлікай прафэсійнай аховы, мы з жонкай пракрычалі вядомы «антыдзяржаўны лёзунг». Нечакана для нас ён павіс у паветры, як быццам мы «далі пеўня» і прысутным зрабілася няёмка. Я б сказаў, той антыдзяржаўны лёзунг нават выклікаў адмоўны рэзананс з боку кандыдата і ягонага атачэньня. Падалося, што яны грэбліва паморшчыліся. Тады мы з жонкай адскочылі ад іх кампаніі нібы сабакі, якіх аблілі вадой.

Таму ў 2006-ым я праігнараваў галасаваньне. Калі б не праігнараваў, перажыў бы пякучы сорам ізноў. Цяпер, галасуючы за Статкевіча, які не заклікаў галасаваць за яго і ня меў амбіцыяў на перамогу ў гэтым «балаганчыку», я галасаваў за патрабаваньне «вярнуць народу права кіраваць сваім лёсам». Мне ўпершыню ня сорамна за свой удзел у галасаваньні. Як, падазраю, можа быць сорамна тым, хто прагаласаваў за «адэкватных» кандыдатаў, упадабаных галоўнакамандуючым разгонам плошчы-2010.

Ужо на сваім выбарчым участку я ня вытрымаў і пачаў бузіць. У фае калектыў школьнікаў пад наглядам дарослых сьпяваў патрыятычную песьню для выбаршчыкаў, прасякнутую цялячым аптымізмам, пра тое, як нам усім пашанцавала жыць у такой прыўкраснай ва ўсіх адносінах краіне. Яшчэ больш нам усім пашанцуе, голасна выгукнуў я, зьвяртаючыся да ўсіх, хто знаходзіўся ў фае, калі мы пазбавімся нарэшце застарэлага прэзыдэнта. Пасьля майго выгуку ў памяшканьні запанавалі не ідэалягічна-правільная агрэсія ў адносінах да варожага «парушальніка спакою», не іранічны сьмех з блазнаватага дзівака, а прыгнечанае маўчаньне і разгубленасьць… Тое самае паўтарылася на другім паверсе, дзе праходзіла галасаваньне, калі я ўсчаў лямант наконт якасьці бюлетэняў, «зробленых з туалетнай паперы як быццам адмыслова для спрашчэньня фальсыфікацыі». Чальцы камісіі, якія меліся быць гатовымі даваць адлуп сварлівым скандалістам накштал мяне, чырванелі і здушана адказвалі нешта няўцямнае: «Ну чаму… нармальныя ў нас бюлетэні, чаму вы так кажаце, яны ж нібыта нармальныя, нічога такога».

Гэты прыватны выпадак варта запісаць у сымптаматычныя прыкметы часу: тыя, хто па доўгу службы павінен падтрымліваць галоўнакамандуючага, страцілі цьвёрдую глебу пад нагамі. Пазьней мая выснова знойдзе пацьверджаньне і ў размовах зь міліцыянтамі.

Але пакуль тое, я, прагаласаваўшы за вяртаньне народу права кіраваць сваім лёсам, адправіўся на вакзал, дзе мы дамовіліся сустрэцца з блогерамі.

Апроч найцікавейшых беларускіх блогераў, я сустрэў там сваю маці-пэнсіянэрку, якая ехала ў Менск паўтары гадзіны электрычкай з тэмпэратурай, каб быць на плошчы, сваю цётку, унівэрсытэцкую выкладчыцу, якая прыйшла сюды разам з сынам-адзінаццаціклясьнікам, стрыечную сястру Дзьмітрыя Завадзкага, а таксама — ось цо да! — Юрыя Шаўцова, вядомага праўладнага палітоляга, уладай аднак незапатрабаванага. Той падышоў да мяне, калі калёна па пераходзе выйшла на вуліцу Кірава, каб запытацца, як і куды мы будзем рухацца. Ого, кажу, які сюрпрайз, Юры Шаўцоў з народам. Дзіўна, той чамусьці адразу сумеўся і пачаў казаць, што ён гэта ня ён. Разумею.
Мне таксама не заўсёды падабаецца адназначная ідэнтыфікацыя, вельмі зручная ня толькі для захаваньня аўтарскіх правоў, але і для складаньня міліцэйскіх пратаколаў. Аднак вам няма чаго хвалявацца, спадар Шаўцоў. Практыка паказала, што мае сьведчаньні не прымаюцца беларускім судом да ўвагі. Можаце спаць спакойна, да вас ня прыйдуць, каб арыштаваць за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Як і ўсё «несанкцыянаванае мерапрыемства» у цэлым, шэсьце калёны Рымашэўскага было ня проста мірным, а маніякальна мірным, зьдзекліва мірным. Нават тады, калі стала вядома пра жорсткае зьбіцьцё Някляева, калёна па-ранейшаму працягвала спыняцца на чырвонае сьвятло і пераходзіць вуліцу строга ў адведзеных месцах. Хаця, на мой погляд, мела з таго моманту поўнае маральнае права (я не магу сказаць — абавязак, бо хто я такі) на любое непадпарадкаваньне і супрацьдзеяньне ўладам, што «пераступілі той Рубікон, да якога наогул нельга блізка падыходзіць».

Скажу крамолу: нават калі б тыя няшчасныя шыбы ў Доме ўраду разьбілі не правакатары, гэта было б непрапарцыянальным адказам на ўчынены ўладамі гвалт. Маецца на ўвазе, непрапарцыянальна мяккацелым і бяззубым. Паглядзіце на эўрапейскія сталіцы, якія па чарзе ўспыхваюць і выбухаюць з малаважных па беларускіх мерках нагодаў. Параўнайце характар і маштаб разбурэньняў, напрыклад, у Парыжы, Рыме, Афінах, Лёндане з трыма разьбітымі шыбамі ў Доме ўраду. Вам будзе няёмка і сьмешна называць тое, што адбылося ў Менску 19 сьнежня, «масавымі беспарадкамі».

За гадзіну да сканчэньня галасаваньня «атрымаў у морду», паводле тэрміналёгіі галоўнакамандуючага, ня толькі адзін з кандыдатаў на прэзыдэнцкую пасаду, нават ня толькі тыя, хто аддаў за яго свае галасы. Атрымалі ў морду і тыя, хто спадзяваўся, што ім нарэшце дазволена сапраўды зрабіць свабодны альтэрнатыўны выбар на ўчастках для галасаваньня, і тыя, хто прагаласаваў за безальтэрнатыўную ўладу, абіраючы гарантаваную стабільнасьць. Першым галоўнакамандуючы навочна прадэманстраваў, дзе іхнае месца — мордай у сьнезе. А другіх нахабна падмануў:

19 сьнежня скончыліся ня «войны», скончыўся мір у Беларусі.
Скончыўся канчаткова і беззваротна. Ён ня зможа доўга ўтрымлівацца выключна на амонаўскіх дубінках, на бяздарнай папсе, якой спрабавалі заглушыць галасы незадаволеных на Кастрычніцкай плошчы і нязбытных абяцаньнях, што мы ўжо зусім хутка будзем жыць як у Швэйцарыі, варта толькі захоўваць цішыню і парадак, каб капітал адчуваў сябе ў Беларусі бязбоязна. Разумееце, не народ, а капітал павінен адчуваць сябе бязбоязна.

«Калі ўрад парушае правы народа, паўстаньне для народа і для кожнай яго часткі ёсьць ягоным сьвятым правам і неадкладным абавязкам». (Француская Дэклярацыя правоў узору 1793 году.)

Беларусы гэтым правам пакуль што не скарысталіся, бо разьлічвалі на тое, што яшчэ ня вычарпаныя ўсе мірныя магчымасьці зьмены палітычнай сытуацыі. Вымушаны з прыкрасьцю канстатаваць: яны вычарпаныя. Беларуская ўлада 19 сьнежня зачэрпала занадта шмат, да донца.

На Кастрычніцкай плошчы праз аглушальную папсу з дынамікаў не было чуваць, што гаворыцца з прыступак Палаца прафсаюзаў. Але незадоўга перад тым, як натоўп пачаў выходзіць на праспэкт, мне ўдалося падабрацца максымальна блізка да альтэрнатыўнай крыніцы гуку. Чуваць усё роўна было кепска, але ж не настолькі кепска, каб ня чуць заклікаў ісьці да плошчы Незалежнасьці. Дык вось, я гэтых заклікаў ня чуў. Пазьней чытаў, што нейкія заклікі з трыбуны кудысьці рухацца і чагосьці патрабаваць усё ж былі. Ну, ня ведаю. Што я чуў, дык гэта размовы «шараговых» прысутных на плошчы аб тым, што трэба ўжо куды-небудзь рухацца, бо стаяць і слухаць гэтую папсу далей проста немагчыма. Падобна, стартавым сыгналам стала таксі, якое раптоўна ўстала пасярод праспэкту, часткова спыніўшы рух. Яно як магнітам прыцягнула людзей да сябе, і яны стыхійна пачалі выходзіць на праезную частку. Пазьней я увесь час спрабаваў разгледзець «лідэраў» на чале калёны. Іх там не было. Калёна нікім не ўзначальвалася, у строгім сэнсе слова.

Таму

я б назваў падзеі 19 сьнежня ня «плошчай», а «праспэктам». Менавіта тут адбылося цалкам свабоднае волевыяўленьне свабодных грамадзянаў.
Плошчы, як Кастрычніцкая, гэтак і Незалежнасьці, аказаліся пасткамі. Калі свабодныя грамадзяне перайшлі з адной плошчы на другую, яны раптоўна ізноў засумавалі па «лідэрах», адразу пачалі вышукваць іх, каб імі хто-небудзь кіраваў. Далібог, лепей бы яны там не спыняліся, а пайшлі далей і далей — праз усю Беларусь…

Але адбылося тое, што адбылося. Нічога, аднойчы беларусы нарэшце навучацца самастойнасьці. Час прыйшоў.

«Хапун»: бязьлітасны і бессэнсоўны

Нягледзячы на мае просьбы, на плошчу жонка ўсё-ткі прыйшла. Спроба мірнай дамовы з бацькамі — вы не галасуеце за Лукашэнку, я застаюся дома — правалілася. Не згадзіліся. Тады яна зьезьдзіла на старую кватэру, сабрала дзьве торбы дзіцячых рэчаў, навагодніх цацак і, не завозячы іх дахаты, далучылася да калёны Рымашэўскага каля Галоўпаштамта. Пакінуць торбы ў знаёмага, які жыве ў цэнтры Менску, адмовілася. Напэўна, разьлічваючы, што яны будуць гарантыяй яе самых міралюбных намераў. Паколькі яна прыйшла несьці ня меч, але мір. І разам з тым засьцерагаць сваіх мужчынаў ад неабдуманых, рызыкоўных учынкаў. Хто ж ведаў, што рызыкоўным будзе само знаходжаньне ў цэнтры гораду ўвечары 19-га, незалежна ад намераў. Што да жанчынаў, дык «паднявольная птушка» сп. Ярмошына адвяла ім адзінае магчымае месца ў беларускай сацыяльнай мадэлі: сядзець дома і варыць боршч. Калі ты ня варыш дома боршч, а «шастаеш па плошчах», ты ўжо як быццам і не жанчына.

У гэтым цьверджаньні ёсьць пэўная рацыя: так, сапраўды, не жанчына ў патрыярхальным сэнсе слова, істота пасіўная і залежная, а паўнапраўны грамадзянін.

Учынак маёй жонкі быў цалкам самастойным, грамадзянскім, але калі на плошчы запахла смажаным, я вырашыў яе эвакуаваць у тэрміновым парадку разам зь яе недарэчнымі торбамі. Бо карцінка, што я сабе маляваў у галаве, была невыносная: раскіданыя па сьнезе ў розныя бакі навагоднія цацкі і дзіцячыя рэчы сярод лужынак крыві… Праз гэты адыход я пазбавіўся магчымасьці зьдзейсьніць які-небудзь эфэктны гераічны ўчынак, але адначасова і пагрозы атрымаць у выніку куды больш сур’ёзны тэрмін зьняволеньня, чым я атрымаў. Усё адно супраціў сілавой перавазе суперніка (іначай і не назавеш цяпер прадстаўнікоў сілавых структураў) быў асуджаны на паразу…

Такія самыя ці падобныя апраўданьні знайшліся ў сотняў, тысячаў удзельнікаў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці. Трэба сказаць, што

я, заўсёднік вулічных акцыяў зь 1991 году, ніколі ня бачыў настолькі масавых і хутканогіх уцёкаў ад амонаўцаў.
Тым болей дзіўнымі яны выглядалі праз адсутнасьць якой-небудзь відавочна страшэннай небясьпекі: ані сьветла-шумавых гранатаў, ані газу, ані вадамётаў не ўжывалася, нават у шчыты амонаўцы спачатку неяк ня надта пераканаўча стукалі, а непасрэдна каля Дома ўраду сілавыя структуры былі прадстаўленыя зборнай салянкай зь бязвусых, перапуджаных юнакоў і нязграбных, атлусьцелых дзядзькаў.

Чаму ж тады пабеглі?

Найперш эфэкт нечаканасьці. Здаецца, усе яшчэ знаходзіліся пад узьдзеяньнем ілюзорнай лібэралізацыі папярэдніх месяцаў і былі зусім не падрыхтаваныя да сілавога варыянту разьвіцьця падзеяў. Да таго ж,

сярод мітынгоўцаў, падобна, працавала рэкордная колькасьць правакатараў рознага кшталту: мы заўважылі групкі «спрынтэраў» у цывільным, якія арганізавана зрываліся зь месца і несьліся ва ўвесь апор подскакам, нібы сайгакі, уцягваючы ў свой бег натоўп.
Яго можна было спыніць або прытармазіць вокрыкамі, што многія і рабілі — прынамсі каб прадухіліць паніку, але ці быў нейкі сэнс затрымліваць людзей на плошчы, калі ўжо пачынаўся разгон? Улічваючы кантынгент удзельнікаў мітынгу, які складаўся пераважна з інтэлігенцыі, мяккацелых прадстаўнікоў умоўнай сярэдняй клясы, параўнальна вялікай колькасьці пэнсіянэраў і людзей, якія ўпершыню ўзялі ўдзел у акцыі пратэсту, сэнсу не было. Гэта толькі памножыла б колькасьць пралітай у той вечар крыві.

Наогул, усё гэта, калі падумаць, выглядае даволі сьмешна. Любы «нармальны» абураны народ даводзіцца ўціхамірваць, нас жа спатрэбілася падштурхоўваць да «паўстаньня», а мы не паддаліся. Да ўцёкаў таксама давялося падштурхнуць, але тут мы ўжо радыя былі паддацца.

Аднак, як вы ўжо ведаеце,

своечасовы сыход з плошчы ня выратаваў нас ад затрыманьня.

Недзе з паўгадзіны мы стаялі каля Пішчалаўскага замку, пераводзячы дых і з сумам назіраючы за бясконцым натоўпам, які адыходзіў назад у палітычны нябыт па ходніках вуліцы Валадарскага. Ад гэтага відовішча разгромленага народу сьлёзы набягалі на вочы…

Нашы сябры, Канстанцін Чарнец з жонкай, тым часам выехалі ў горад падыхаць наэлектрызаваным паветрам і прабіраліся да нас партызанскімі сьцежкамі, абыходзячы міліцэйскія кардоны. Нарэшце мы сустрэліся ў сквэры Адама Міцкевіча, прагуляліся па Нямізе, адкуль падняліся на плошчу Свабоды і ўжо там, насупраць архікатэдральнага касьцёла імя Найсьвяцейшай Панны Марыі, на ціхай асьветленай вуліцы былі гвалтам затрыманыя невядомымі ў чорным. Нас было шасьцёра. Калі не лічыць мяне, каго падчас гульні ў «мафію» у камэры Жодзінскай турмы заўжды падазравалі ў нядобрым за зьнешні выгляд, кампанія нічым не нагадвала злосных хуліганаў, удзельнікаў «масавых беспарадкаў». З большай верагоднасьцю мы маглі вяртацца зь якой-небудзь, скажам, тэатральнай імпрэзы.

Сярод нас быў інвалід першай групы — Канстанцін Чарнец, які апошні год быў вельмі далёкі ад «пены дзён», займаючыся грунтоўным дасьледаваньнем вобразу сьмерці ў мастацтве і літаратуры. Праз што сам набыў выгляд гэткага філёзафа-пустэльніка. Пазьней, у Ленінскім РАУС, адзін крымінальнік, які трапіў у палітычны «хапун», паўжартам параўнаў Чарнеца «з Хрыстом, што ідзе на Галгофу». І хаця яго «велікадушна» адпусьцілі праз суткі (прысудзіўшы мільённы штраф, пратрымаўшы ўвесь гэты час без вады і ежы, паганяўшы па міліцэйскіх засьценках, уніз і ўверх, туды і сюды, усё на адной назе, адсутныя рукі за сьпіну, прасьветленым тварам да сьцяны, павазіўшы ў перапоўненых аўтазаках), што ня цягне на Галгофу, у маіх вачах ён зрабіўся сымбалічнай постацьцю — самым наглядным сьведчаньнем таго барбарства і цемрашальства, якія адбыліся 19 сьнежня.

Канстанцін Чарнец з жонкай удзелу ў мітынгу ня бралі. А гэта было зусім неабавязкова, каб пацярпець ад дзеяньняў сілавых органаў у той вечар. Незадоўга да нас былі затрыманыя пяцёра сьвяточна ўбраных маладзёнаў каля піцэрыі O Sole Mio, якія прыйшлі туды адсьвяткаваць дзень народзінаў свайго сябра. У гэтым самым аўтобусе, куды нас груба заштурхнулі, ужо знаходзілася шлюбная пара навукоўцаў-біёлягаў, якія ехалі сустракаць сваю 13-гадовую дачку, але былі схопленыя апоўначы на прыпынку «Плошча 8 Сакавіка» тымі самымі невядомымі ў чорным.

Заўважце, апоўначы. Нас жа затрымалі яшчэ пазьней. Пры гэтым у пратаколах затрыманьня быў пазначаны час 22:30 (і месца — вул. Савецкая, 11). А цяпер, увага, самае цікавае: згодна з афіцыйнай інфармацыяй ГУУС Менгарвыканкаму, супрацоўнікі органаў унутраных справаў «прыступілі да затрыманьня актыўных удзельнікаў несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў» у 22:56. Што аўтаматычна пазбаўляе сотні напісаных пад капірку пратаколаў у Ленінскім РУУС доказнай сілы.

У сувязі з чым я зьвярнуўся да прэс-сакратара ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандра Ластоўскага, выказаўшы спадзеў (толькі ня сьмейцеся) на ягоны афіцэрскі гонар, з просьбай выступіць у судзе ў нашу абарону дзеля аднаўленьня справядлівасьці. Вось што мне адказаў сп. Ластоўскі: «Па роду службы мае сьведчаньні ня могуць чым-небудзь дапамагчы вам». Той самы род службы, што не дазваляе Аляксандру Ластоўскаму чым-небудзь дапамагчы сотням асуджаных па падробленых пратаколах, не зашкодзіў іншым «праваахоўнікам» падпісваць гэтыя пратаколы, якія не адпавядаюць нават уласна міліцэйскай вэрсіі падзеяў.

Дарэчы, мой камэнтар у блогу Ластоўскага аказаўся адзіным, зьвязаным з падзеямі 19 сьнежня, на які ён даў адказ. Астатнія камэнтары прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкаму, насуперак сваёй звычцы і пастаўленай перад ім задачы — дагрукацца да сэрцаў і розумаў інтэрнэт-аўдыторыі, праігнараваў. І гэта цешыць — значыць, ім папросту няма чаго сказаць.

А цікава было б даведацца, для чаго спатрэбілася ладзіць «хапун» у радыюсе некалькіх кілямэтраў (пазьней я сустракаўся зь людзьмі, затрыманымі ажно каля гіпэрмаркету «Карона» на Кальварыйскай, чуў пра затрыманых ва… Уруччы), заграбаючы столькі абсалюта выпадковых мінакоў? Што перашкодзіла міліцыянтам — хаця ў мяне няма пэўнасьці, што гэта былі міліцыянты, бо яны адмовіліся назваць ня толькі ўласныя імёны, але і сваю прыналежнасьць да якога-небудзь міліцэйскага падразьдзяленьня — адпусьціць інваліда першай групы, чыё затрыманьне відавочна ня лезла ні ў якія вароты? Яны ўжо ў першыя хвіліны бачылі, каго затрымалі.

Адзін зь невядомых у чорным спытаўся ў Чарнеца: «Навошта ты кідаў у нас камяні?». У адказ на гэта Кастусь прадэманстраваў яму свае адсутныя рукі: «Чым?». Здаецца, яму нават крыху сорамна стала ў той момант. Але ж сораму хапіла толькі на тое, каб даць яму сесьці.

Нават чуткі пра тое, быццам за кожнага затрыманага давалі прэмію памерам 200 тысячаў беларускіх рублёў, не патлумачылі б такіх вычварных, садысцкіх паводзінаў.

Як бы цынічна гэта ні прагучала, на вуліцах сталіцы заставалася яшчэ вельмі шмат людзей, чыё затрыманьне не выглядала б настолькі адыёзным. Колькі ні думаю аб гэтым, не магу зразумець. У галаву прыходзіць толькі «Гімн тварэньня» з Рыгведы, гімн радыкальнага агнастыцызму, немагчымасьці спазнаньня ісьціны:

«Адкуль пайшло ўсё створанае,

Ці стварыў гэта Ён, ці Ён не ствараў,

Ён, хто бачыць усё з найвышэйшых нябёсаў,

Ён ведае пра тое. А можа, і Ён ня ведае."

І гэта, бадай, самае страшнае ў беларускай рэчаіснасьці: нявызначанасьць, неспазнавальнасьць і непрадказальнасьць правілаў гульні. Чарнец пераказваў словы аднаго з затрыманых, сказаных у аўтазаку, нібыта ў 37-ым усё было па-свойму лягічна, а ў нас ад рэпрэсіўнай сыстэмы патыхае хаосам…

«Патрэбныя любыя непаўналетнія хлопчыкі»

Падчас нашага гвалтоўнага затрыманьня на плошчы Свабоды ў ноч з 19 на 20 сьнежня невядомыя ў чорным правялі нейкую хітрамудрую ракіроўку, сэнс якой застаецца для мяне загадкай: адразу ўкінулі нас у адзін аўтобус, адтуль жа, ня даўшы ачомацца, вокамгненна перакінулі ў другі. У выніку чаго мне цяжка сказаць, везьлі нас у белым ці бардовым аўтобусе, тая самая брыгада нас затрымлівала і суправаджала ў аддзяленьне міліцыі, ці розныя. Няўжо ўсё дзеля таго, каб замесьці сьляды і схаваць канцы ў ваду? Добра, калі так: значыць, чагосьці яны ўсё ж баяліся, адчуваючы неправамернасьць сваіх дзеяньняў.

Хаця ў шлемах ды яшчэ і масках пад імі, напэўна, было ня вельмі камфортна, не збаяўся паказаць твар на маю просьбу толькі адзін з шлемагаловых, прысутных у аўтобусе. Аднак не назваў ні свайго імя, ні падразьдзяленьня, да якога належыць. Ня кажучы пра тое, што і не падумаў выпусьціць Кастуся Чарнеца. Таму сваёй павагі я выказваць яму ня стану. На пытаньні пра падставы, на якіх мы былі затрыманыя, адказваў: «З чаго ты ўзяў, што я вас затрымліваў?». Сапраўды, дзе ж ты адрозьніш гэтых клонаў у чорным, мо і ня ён. А хто тады? «Ня ведаю». Зьбівалі навошта? Хіба ж мы прадстаўлялі для кагосьці небясьпеку, ці супраціўляліся… Тут ужо шлемагаловы з чалавечым тварам даў волю эмоцыям, не стрымаўся: «Што-о-о?! Гэта мы яшчэ не пачыналі вас біць!».

Адказаць, зь якога моманту ўжываньне гвалту можна лічыць зьбіцьцём, на першы погляд, гэтаксама цяжка, як і на вядомае з антычнасьці пытаньне: зь якой пясчынкі пачынаецца куча? З гэтай прычыны некаторыя з затрыманых пазьней асьцярожнічалі, распавядаючы пра абставіны свайго затрыманьня:

«Не, мяне ня білі, хіба што колькі разоў дубінкай стукнулі…».
Нездаровая асьцярожнасьць, як на мой погляд. Чым болей гвалту дазваляць і прабачаць у адносінах да сябе, тым болей яго будзе ўжывацца. Я зыходжу з таго, што чалавечае цела недатыкальнае. Таму любыя нематываваныя сілавыя ўзьдзеяньні супраць вас трэба разглядаць менавіта як зьбіцьцё. Можна было б дадаць — «і рэагаваць адпаведна», бо кожны чалавек мае права на самаабарону, але гэта працуе толькі ў тых месцах, дзе ёсьць адзін для ўсіх закон. Ня наш выпадак. Тут хаця б цьвёрда засвоіць, што гэта недапушчальна і ацэньваць адпаведным чынам.

Калі забыць пра зьбіцьцё і цалкам незаконнае затрыманьне, гэтую паездку ў аўтобусе можна назваць камфортнай (у параўнаньні з пазьнейшымі перамяшчэньнямі ў аўтазаках) і нават у пэўнай ступені цікавай, дзякуючы магчымасьці на роўных пагутарыць з прадстаўнікамі сілавых структураў. Ну, амаль на роўных. Калі забыць, што мы былі ў іх у палоне, а не ў гасьцях. У задняй частцы салёна, кажуць, прымушалі сядзець, не паднімаючы галавы, і маўчаць, тады як у нас наперадзе ўтварылася штосьці накшталт дыскусійнага клюбу. Мажліва, варта было байкатаваць тых шлемагаловых, але мы паддаліся спакусе правесьці агітацыю. Пра шкоду занадта доўгага знаходжаньня ва ўладзе аднаго чалавека і завязваньня на яго ўсіх прывадных рамянёў, неабходнасьць адсутнага ў нас народнага кантролю за ўладай, карысьць страйкаў, іншых формаў пратэсту і г.д., і да т.п.

Нягледзячы на наяўнасьць у нашых суразмоўцаў такіх важкіх аргумэнтаў, як дубінкі ды іншыя спэцсродкі, у дыскусіі мы вялі рэй. «Вы разумныя, а мы… імкнемся быць разумнымі» — з вуснаў чалавека, ад якога можна было б чакаць, што ён зыходзіць з прынцыпу «хто мацнейшы, той і разумнейшы», гэта проста ахвярнае самапрыніжэньне.

Той шлемагаловы з адкрытым забралам увесь час падтакваў і ківаў галавой у знак згоды. Шэптам, на вуха паведаміў, што не галасаваў за Лукашэнку, што без улады яму капец, таму ён гэтак за яе трымаецца і, ужо ўголас, скрушна прамовіў, што лепей бы «мы» былі з калашнікавымі.

Для іх, шлемагаловых і неадрозных, усе затрыманыя таксама былі на адзін твар — прафэсійныя рэвалюцыянэры, якія вольна абралі сабе працу: бунтаваць і пакутаваць. Такая сабе псыхалягічная зачэпка, каб пазьбегнуць душэўнага дыскамфорту ад таго, што ваюеш супраць звычайных суграмадзянаў. Чыё «злачынства» палягае самае большае ў законным жаданьні засьведчыць уласную нязгоду з палітычным курсам уладаў, а ў некаторых выпадках — проста ў прысутнасьці «ня ў тым месцы, ня ў той час». Менавіта такую формулу віны прапанаваў прадстаўнік праваахоўных органаў аднаму з асуджаных, які накіроўваўся кудысьці па сваіх прыватных справах і трапіў пад гарачую руку. Адсюль, хутчэй за ўсё, і размовы пра калашнікавы. Напэўна ж, гэтыя хлопцы пайшлі на службу ня толькі за доўгім рублём, недзе ў глыбіні душы яны марылі пра подзьвігі. Пра барацьбу з бандытамі, узброенымі мяцежнікамі. А тут замест калашнікавых у руках «мяцежнікаў» дзіцячыя рэчы і навагоднія цацкі, ці наогул няма рук… Гэтую ахілесаву пяту я мэтадычна, па-садысцку раскалупваў: ай-яй-яй, кажу, як ня сорамна, столькі працы ўкладзена ў будаўніцтва гэтых целаў, столькі грошай пайшло на рыштунак, а ўсё дзеля чаго? Паслаць гэткага рабакопа, каб ён жанчын ды інвалідаў на вуліцах хапаў — гэта яшчэ горш, чым мікраскопам цьвікі забіваць.

Саромеліся, крыўдавалі. Калі я ўжо дзясяты, мабыць, раз паўтарыў пра «жанчын ды інвалідаў», ня вытрымалі, папрасілі ня труціць болей душу. Добра, што яна ў іх усё ж ёсьць, душа. Некаторыя кажуць, што ў салдата яе не павінна быць. У сэнсе, ня трэба, каб яна праяўляла сваё існаваньне ў выглядзе сумневаў і згрызотаў сумленьня, а так, хай ляжыць сабе пад спудам, застаецца для хатняга выкарыстаньня. Ілжывая тэза, на мой погляд. Салдат без сумленьня і гонару, які ваюе з сваімі бяззбройнымі суграмадзянамі за прэміі, ператвараецца ў апрычніка. Пра якіх з гісторыі вядома, што яны разьбегліся хто куды ў часе сапраўднай небясьпекі. І гэтыя таксама разьбягуцца, калі што якое. Бо салдату шкодзіць не сумленьне і гонар, яго разбэшчвае і дэмаралізуе іх адсутнасьць. У тых, хто нас затрымаў, сумленьне і гонар адсутнічалі.

Калісьці ў такіх самых аўтобусах мяне вазілі сапраўдныя «ланцуговыя сабакі рэжыму», ідэйна перакананыя, адданыя сваёй справе. Гэтым разам я ўбачыў звычайных наёмнікаў. Апірышча для ўлады вельмі ненадзейнае. У выпадку сур’ёзнай пагрозы на іх няма чаго спадзявацца — здрадзяць, як піць даць.

У падвале Ленінскага РАУС, куды нас урэшце згрузілі з аўтобуса пасьля няўдалай спробы збыць з рук на Акрэсьціна, дзе ўсе месцы былі на той час занятыя, я ўжо гасьцяваў 23 сакавіка 2003 году, патрапіўшы туды пасьля разгону невялічкай калёны КХП-БНФ каля Галоўпаштамту. За гэты час зялёныя, абшарпаныя сьцены падфарбавалі і абабілі панэлькамі, зьявіўся вадка-крысталічны тэлевізар, зьніклі вучэбныя плякаты з аўтаматамі Калашнікава і мішэні ў выглядзе чалавека (замест іх цяпер вісіць самотны плякат з пакетам соку «Садочок» і схемай самаробнай бомбы). І, што самае галоўнае, кудысьці дзеліся міліцыянты, гатовыя наставіць аблудных на правільны шлях, навучыць, як трэба радзіму любіць, даходліва растлумачыць палітыку партыі.

Таварыш галоўнакамандуючы разгонам плошчы-2010, дазвольце далажыць: ідэалягічная праца з тымі, хто адважыўся высунуць нос на вуліцу ўвечары 19 сьнежня і быў за тое справядліва пакараны, цалкам праваленая!

Праз гэтыя сем гадоў яны ўжо не знайшлі пра што казаць. І ня надта хавалі, што зьяўляюцца марыянэткавымі выканаўцамі ў пастановачным фарсе. Гэтак,

у прысутнасьці больш чым сотні сьведак, намесьнік начальніка Ленінскага РАУС, зь непрыемным зьдзіўленьнем выявіўшы адсутнасьць непаўналетніх сярод затрыманых, патэлефанаваў сваім падначаленым, якія ўсё яшчэ шчыравалі ў горадзе: «Мне патрэбныя хлопчыкі. Прывязіце мне любых непаўналетніх хлопчыкаў, чуеце?»

Па аўдыторыі прабег лёгкі сьмяшок, хтосьці сказаў пра пэдафілаў у пагонах. Сьмех сьмехам, але гэтая фраза цалкам выкрывае сутнасьць сьнежаньскага хапуну: працавалі абы-як, бралі на вагу, колькасьцю. (Напэўна, плян па інвалідах, жанчынах, журналістах, замежных грамадзянах, гарадзкіх блазнах і блатной шушамеці яны ўжо выканалі.) Што яшчэ раз падкрэсьлівае іхную наёмніцкую прыроду. Пра якую «ідэалягічную працу» можа быць гаворка, калі ім было да ліхтара, каго хапаць. Выканалі колькасныя паказчыкі, дый годзе. За чытаньне натацыяў, мабыць, не даплачваюць. Дык навошта затлумляцца?

Дастаткова таго, што даводзіцца ў сотнях пратаколаў тую самую «фабулу» старанна выводзіць. Гэтым словам у іх называецца апісаньне складу злачынства і акалічнасьцяў затрыманьня. Таксама сымбалічна, бо першапачатковае значэньне слова «фабула» — байка, казка. Тую «фабулу» напружана, нэрвова чакалі, яе павінны былі аднекуль прыслаць і ўсё ніяк не прысылалі.

Хаця чаго было чакаць і нэрвавацца, калі яна нічым не адрозьнівалася ад «фабулы» сямігадовай даўніны?

«Фабула» застаецца той самай, як паказчык стабільнасьці беларускага жыцьця. Аднак «фабульшчыкі» зьмяніліся — яны ўжо ня вераць у свае байкі,
машына працуе толькі за кошт інэрцыі.
Хэпі-энд

Рэжым, які трымаецца на цынічных апрычніках, асуджаны на скон.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?