Міністэрства транспарту і камунікацый зьвярнулася ва ўрад з прапановай аб падвышэньні тарыфаў на праезд у грамадзкім транспарце.

Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі паведаміў намесьнік міністра Аляксандр Шышко.

Паводле яго слоў, адпаведны ліст міністэрства падрыхтавала і накіравала ў Саўмін.

«Ёсьць рэзалюцыя Мінэканомікі і Мінфіну разгледзець яго, каб адрэгуляваць гэтае пытаньне»,- адзначыў намесьнік міністра.

«Сёньня для таго, каб транспартныя прадпрыемствы працавалі стабільна, дзейных тарыфаў (па Менску гэта 700 рублёў, у іншых гарадах 600 рублёў) недастаткова. Растуць цэны на паліва і запчасткі, нашы прадпрыемствы атрымліваюць субсыдыі з бюджэту, але яны невялікія, таму прадпрыемствы, якія займаюцца сацыяльна значнымі перавозкамі, працуюць практычна стратна»,- паведаміў Шышко.

Памер тарыфаў ўплывае і на зарплату кіроўцаў. «На жаль, ідзе адток кіроўцаў, таму што зарплата не павышаецца, а выгадаваць такога вадзіцеля цяжка»,- падкрэсьліў Шышко.

«Мы будзем прасіць ўрад, каб тарыф на праезд рос, але не скачкападобна, а ў залежнасьці ад падвышэньня заработнай платы ў краіне»,- сказаў прадстаўнік Мінтранса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?