Базавае пагадненне з Расіяй па будаўніцтву беларускай АЭС будзе падпісана ў першым квартале бягучага года. Аб гэтым паведаміў журналістам прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч па выніках праведзеных сёння ў Маскве перагавораў са старшынёй урада Расіі Уладзімірам Пуціным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, у ходзе перагавораў знойдзены падыходы да вырашэння пытанняў, звязаных з парадкам фарміравання кошту будаўніцтва і тэрмінаў узвядзення АЭС. Акрамя таго, абмяркоўвалася магчымасць актыўнага ўдзелу беларускіх арганізацый у рэалізацыі гэтага праекта. «З расійскім бокам у гэтым пытанні знойдзена поўнае ўзаемаразуменне», — сказаў прэм’ер-міністр.

Прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін адзначыў важнасць будаўніцтва АЭС для эканомікі Беларусі і пацвердзіў гатоўнасць расійскага боку да рэалізацыі гэтага праекта і яго крэдытавання. Паводле яго слоў, асноўным пытаннем, вакол якога яшчэ вядуцца дыскусіі, застаецца кошт будучай атамнай электрастанцыі.

Уладзімір Пуцін таксама пацвердзіў, што каля 40 працэнтаў у рэалізацыі праекта па будаўніцтву АЭС можа быць выканана беларускім бокам самастойна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?