Дэмакратычны актывіст 90-х гадоў Валер Сядоў, затрыманы падчас акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі 19 студзеня, знаходзіцца ў ізалятары для адміністрацыйна пакараных на завулку Акрэсьціна.

«Так, Сядоў Валер Віктаравіч знаходзіцца ў нас. На які тэрмін арыштаваны — не пазначана. Выйдзе на волю 31-га, а 20.10», — паведаміў «Свабодзе» дзяжурны ізалятара.

Увечары 19 студзеня Валер Сядоў на заклік дэмакратычных актывістаў прыйшоў да Чырвонага касьцёла ў Менску, дзе людзі запальвалі сьвечкі на знак салідарнасьці з рэпрэсаванымі ўдзельнікамі мітынгу пратэсту супроць афіцыйных вынікаў выбараў 19 сьнежня.

Валер Сядоў публічна запатрабаваў свабоды палітвязьням і прыцягненьня да адказнасьці вінаватых у фальшаваньні выбараў. Праз 10 хвілін на выхадзе з плошчы Незалежнасьці Валера Сядова затрымалі супрацоўнікі ў цывільным. 20 студзеня ў міліцыі не казалі, дзе знаходзіцца затрыманы, аднак у інтэрнэце зьявілася паведамленьне, што Сядоў на Акрэсьціна і што ён атрымаў 12 сутак арышту. 21 студзеня гэтую інфармацыю афіцыйна пацьвердзілі.

У 1990-м годзе Валер Сядоў браў удзел у антыкамуністычным шэсьці ў Менску, калі па тагачасным праспэкце Леніна прайшлі з антыкамуністычнымі плякатамі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Да помніку Леніна ўдзельнікі акцыі ўсклалі сымбалічныя «дары камунізму», якія прынёс камуністычны рэжым Беларусі: калючы дрот, шыбеніцу, ватоўку вязьня ГУЛАГу.

Валер Сядоў спрабаваў прымацаваць да фігуры Леніна вяроўку. Пазьней актывіста арыштавалі і некалькі месяцаў утрымлівалі ў ізалятары на Валадарцы. У абарону Сядова ў Беларусі пачалі праводзіць шматлікія акцыі салідарнасьці. Лідэр парлямэнцкай апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк наведваў актывіста на Валадарцы. У выніку крымінальную справу супроць Валера Сядова ўлады спынілі.

«Мяне тады людзі падтрымалі, таму і я вырашыў падтрымаць цяперашніх вязьняў «, — гэтак Валер Сядоў патлумачыў «Свабодзе» свой учынак каля касьцёла 19 студзеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?