Зміцер Сасноўскі выдаў кнігу «Музычная культура рыцарскага саслоўя Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага».

Рыцарскае саслоўе ВКЛ і Польшчы мела багатую музычную культуру, якая развівалася ў шчыльных кантактах з актуальнымі тэндэнцыямі ў еўрапейскай музыцы і ў сувязі з музычнай культурай іншых пластоў грамадства ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

«Падрыхтоўка рыцара абавязкова ўключала засваенне комплексу сігналаў, неабходных для вайсковага побыту, вартавой службы і арганізаванага ўдзелу ў бітвах. Пра каштоўнасць вайсковых музыкаў сведчыць тое, што пры абмене ваеннапалоннымі музыкаў залічвалі да афіцэраў», — адзначыў аўтар у прадмове.

У кнізе разглядаюцца розныя праявы музычнага жыцця рыцараў: сігнальная музыка, баявая духоўная музыка, паходныя капэлы, парадныя вайсковыя аркестры, а таксама рыцарскі эпас, духоўная і свецкая рыцарская паэзія.

Асобны раздзел прысвечаны музыцы, якая гучала ў рыцарскім асяроддзі ў мірны міжваенны час. Разглядаюцца сялянскія фальклорныя жанры, прысвечаныя рыцарскай тэматыцы, такія як гістарычныя песні, народныя і гістарычныя балады, казацкія песні, лірніцкія спевы.

Нагадаем, «Музычная культура рыцарскага саслоўя Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага» не першая кніга аўтарства лідара «Старога Ольсы». У 2009 годзе ў серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» выйшла яго «Гісторыя беларускіх музычных уплываў». Таксама Зміцер Сасноўскі з’яўляецца аўтарам «Гісторыі беларускай музычнай культуры ад старажытнасці да канца XVIII ст», якая можа прэтэндаваць на ролю першага ў Беларусі падручніка па гісторыі беларускай музыкі.

Музычная культура рыцарскага саслоўя Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага / Зміцер Сасноўскі. — Мінск : Кнігазбор, 2010. — 136 с.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?