У 2008 годзе Узброеныя Сілы Беларусі адзначалі сваё… 90-годдзе. Гэта значыць: у перыяд з 18 па 23 лютага 1918 г., калі галоўнакамандуючы Заходняга фронту Мяснікоў даў лататы ў Смаленск, а немцы ішлі на Магілёў і Полацк (далей ісці намеру не мелі), нарадзілася беларускае войска.
Не, скажуць, 23 лютага нарадзілася Чырвоная Армія. Яна спыніла немцаў пад Псковам і Нарвай.

Усё прасцей: ніхто немцаў не спыняў, бо ісці на ўсход далей за Пскоў і Нарву яны не планавалі. Былыя нямецкія ўладанні Курляндыя, Ліфляндыя і Эстляндыя апынуліся ў складзе райху — і дастаткова.

Калі стаяць на грунце фактаў, а не міфаў, дык днём нараджэння Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі трэба лічыць 15 студзеня. Менавіта тады быў выдадзены дэкрэт Савета Народных Камісараў аб арганізацыі добраахвотнай Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. Іншая справа, што ісці ў гэтае войска добраахвотна і рабочыя, і асабліва сяляне не надта хацелі. Толькі нямецкі наступ змусіў бальшавікоў актыўна ўзяцца за армейскае будаўніцтва. І не на добраахвотнай аснове.

Але пры чым тут беларускае войска?
У перыяд 1918—1920 гг. Украіна сапраўды мела армію (у жніўні 1920-га яна, дарэчы, дапамагла Войску Польскаму здзейсніць «цуд на Вісле»). Але нашы браты-ўкраінцы вядуць гісторыю сучаснай арміі не ад таго часу, і нават не ад часу, калі з’явіліся рэестровыя казакі, і не ад часу, калі войска Багдана Хмяльніцкага першы раз перамагло палякаў, а ад таго дня, калі Вярхоўная Рада прыняла закон аб стварэнні сучаснай арміі сучаснай Украінскай дзяржавы. Ёй, гэтай арміі, няма і 20 год.
Яшчэ дурней выглядае афіцыйная гісторыя Памежных войскаў Беларусі. Лічыцца, што яны былі заснаваныя 28 мая 1918 г. — тады, калі Беларусь па Дняпро і Дзвіну займалі немцы.
І ўсё ж рэкорд глупства пабіла афіцыйная гісторыя інжынерных войскаў Беларусі (не войска, а войскаў, быццам іх у нас цэлыя дывізіі). Ім, гэтым войскам, «споўнілася», дайце веры, 310 год (чытайце «Звязду» за 21 студзеня).
Яшчэ не было Беларускай арміі (ёй, як вы ведаеце, сёлета «споўніцца» 93 гады), а інжынерныя войскі існавалі і працвіталі ўжо 217 год. І заснаваў гэтыя войскі не нейкі там Аўгуст Моцны, вялікі князь літоўскі, кароль польскі і курфюрст саксонскі, пад чыім скіпетрам знаходзілася ўся сучасная Беларусь, а маскоўскі вялікі князь Пятро Аляксеевіч (тытулу цара за маскоўскімі ўладарамі Еўропа не хацела прызнаваць).
…Саўковасць, цяжкая каланіяльная спадчына. Яна ўжо ў шасцізначнай індэксацыі паштовых аддзяленняў, у назве старажытнай сталіцы (польска-расейскі Навагрудак) і сталіцы сучаснай (польска-расейскі Мінск) і ва ўвекавечаным скароце BY.
Так і застаецца тут Byelorussia, Белоруссия з яе 90-гадовай арміяй і 310-гадовым інжынерным войскам.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?