Дар’я Домрачава заваявала бронзавы медаль у гонцы з масавым стартам на 12,5 км на 6-м этапе Кубка свету, што прайшоў у італьянскім Антхольцы-Антэрсельве 23 студзеня. Яе вынік — 34 хвіліны, 2,1 секунды.
Прычым Дар’я пасля чацвертага агнявога рубяжа вырвалася на 1-е месца, на 0,4 секунды апярэдзіўшы лідарку гонкі, францужанку Мары Ло-Брунэ, але ўтрымаць перавагу не здолела.
За 400 метраў да фінішу Брунэ яе абагнала, а на апошніх 200 метрах беларуску апярэдзіла і нарвежка Тора Бергер, якая ў выніку і выйграла гонку з вынікам 33:56,3, прычым маючы два штрафныя колы.
У Брунэ — 2-е месца (+0,6, 1 штрафное кола), Домрачава саступіла пераможцы 5,8 секунды, прычым стала адзінай біятланісткай, якая не дапусціла на чатырох агнявых рубяжах ніводнага промаху.
***
Гэта чацверты п’едэстал Домрачавай на этапах Кубка свету 2010/2011 г.:
яна была 2-й у спрынце на этапе КС у аўстрыйскім Хохфільцэне (10 снежня), 3-й у спрынце ў Эстэрсундзе (Швецыя, 2 снежня) і 3-й у гонцы пераследу у славенскай Пакл’юцы (13 снежня). Цяпер чакаем перамогі.
Сёння вечарам пройдзе мужчынская эстафета.
***
Наступны, сёмы, этап Кубка свету па біятлоне (усяго 10 этапаў) пройдзе ў амерыканскім Прэск-Айле (штат Мэйн) з 4 па 6 лютага.
10–13 лютага пройдзе 8-ы этап КС у Форт-Кенце (Мэйн, ЗША).
З 3 па 13 сакавіка ў расійскім Ханты-Мансійску пройдзе Чэмпіянат свету па біятлоне.
АГ
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ