У дачыненні да арыштаванага па справе аб масавых беспарадках 19 снежня ў Мінску расіяніна Івана Гапонава распачата працэдура анулявання віду на жыхарства.

Пра гэта стала вядома 24 студзеня пасля наведвання арыштаваных расійскімі дыпламатамі, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар пасольства Расіі ў Беларусі Вадзім Гусеў.

«Падчас сустрэчы Гапонаў паведаміў, што ў дачыненні да яго распачата працэдура анулявання яго віду на жыхарства ў Беларусі. У той жа час якіх-небудзь доказаў учынення расійскімі грамадзянамі супрацьпраўных дзеянняў дагэтуль беларускім бокам ім не прад’яўлена, і за мінулы тыдзень якіх-небудзь следчых дзеянняў не праводзілася», — падкрэсліў Гусеў.

Паводле яго слоў, другі арыштаваны расіянін, Арцём Брэус, паведаміў, што яго рэгулярна наведвае ўрач у сувязі з прыступамі хранічнай астмы, яму выдаюць неабходныя лекі. Праблем з перадачай ад сваякоў прадметаў першай неабходнасці ў расіян няма, паведаміў Гусеў.

«Пасольства працягвае шчыльна ўзаемадзейнічаць са сваякамі і адвакатамі расійскіх грамадзян. На гэтым тыдні адвакаты пададуць хадайніцтва аб змене меры стрымання расійскім грамадзянам, якія знаходзяцца пад вартай», — паведаміў Гусеў.

Ён адзначыў, што пасольства чакае адказу на накіраваны 14 студзеня зварот у адрас Генеральнай пракуратуры Беларусі з просьбай інфармаваць наконт падстаў і матываў, з прычыны якіх у беларускага боку ўзнікла неабходнасць прымяніць да Брэуса і Гапонава меру стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?