Пытанне аб санкцыях у дачыненні да Беларусі вырашыцца найбліжэйшымі днямі, паведаміў 24 студзеня намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Томас Меліа на сустрэчы з журналістамі ў Мінску.
Ён не стаў адказваць на пытанне, пра якія менавіта санкцыі ідзе гаворка. Зараз гэта пытанне Злучаныя Штаты абмяркоўваюць са сваімі еўрапейскімі саюзнікамі. «Гэтыя найбліжэйшыя дні — час для Лукашэнкі перагледзець шлях, якім ідзе яго краіна», — сказаў прадстаўнік Дзярждэпартамента.
Пры гэтым Меліа падкрэсліў: санкцыі будуць кропкавымі, скіраванымі на «адказных за палітычныя рэпрэсіі і задушэнне свабоды» ў Беларусі.
Прадстаўнік Дзярждэпартамента заявіў, што ЗША жадаюць палепшыць адносіны з Беларуссю. Да прэзідэнцкіх выбараў ЗША «працягвалі руку дружбы і прапаноўвалі пашырэнне двухбаковага супрацоўніцтва», адзначыў ён.
Томас Меліа нагадаў, што міністры замежных спраў Польшчы і Германіі, якія наведалі Мінск у пачатку снежня, падкрэслівалі: паляпшэнне адносін Беларусі з Захадам залежыць ад таго, як пройдуць прэзідэнцкія выбары. Тое, што адбылося пасля выбараў, прадстаўнік Дзярждэпа назваў «зусім непрымальным і абсалютна не адпаведным беларускім абавязацельствам».
Паводле яго слоў, адзіны спосаб пазбегнуць кропкавых санкцый у дачыненні да афіцыйнага Мінска — гэта змена палітычнага курсу беларускага кіраўніцтва.
Меліа паведаміў, што ў межах цяперашняга візіту ён 22 студзеня сустрэўся з супрацоўнікамі ўпраўлення Амерыкі і ўпраўлення гуманітарнага супрацоўніцтва МЗС Беларусі. Міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў і яго намеснік на сустрэчы не прысутнічалі. Аднак, паводле слоў прадстаўніка Дзярждэпартамента, падчас перамоў ён перадаў кіраўніцтву МЗС, што паляпшэнне адносін ЗША з афіцыйным Мінскам залежыць ад вызвалення палітзняволеных і зняцця з іх і шэрагу іншых беларускіх грамадзян палітычна матываваных абвінавачанняў.
У Мінску Томас Меліа таксама сустрэўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, праваабаронцамі, сем’ямі палітзняволеных.
Намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША знаходзіцца з візітам у Мінску з 22 па 25 студзеня. Як паведамілі ў пасольстве ЗША, мэта візіту — атрымаць інфармацыю з першых рук «аб сітуацыі ў Беларусі пасля сілавых дзеянняў услед за падзеямі 19 снежня».