Напачатку кіраўнік Беларусі зрабіў невялічкую гістарычную рэмінісцэнцыю, згадаўшы, што беларусы разам з украінцамі перамагалі ў Кулікоўскай бітве, бітве пад Палтавай, Другой сусьветнай вайне. Паміж Беларусьсю і Ўкраінай не існуе значных супярэчнасьцяў і рознагалосьсяў, а нашыя краіны цяпер не жывуць разам праз амбіцыі кучкі палітыкаў, якія развалілі Савецкі Саюз.

Лукашэнка зрабіў камплімэнт беларускай мэдыцыне, сказаў, што ў Беларусі спрабуюць захаваць і не разбураюць гістарычныя помнікі, а ўзводзяць новыя, такія як Лінія Сталіна ці Нацыянальная бібліятэка.

"Апошнія выбары мы фальсыфікавалі, -- прызнаўся ён. -- За Лукашэнку прагаласавала 93 з паловай працэнта. Але, кажуць, гэта не эўрапейскі паказчык. Мы зрабілі 86 %".

Увогуле ён вёў гутарку ва ўласьцівай яму манеры. Стваралася ўражаньне, што ён зараз хоча выйсьці на ўкраінскую палітычную сцэну.

Зь Юшчанкам адносіны добрыя

«У нас некалькі нявырашаных праблемаў, але іх вельмі мала. Таму я б ня стаў драматызаваць беларуска-ўкраінскія адносіны».

«Кажуць, што Юшчанка не прыедзе на саміт СНД ў Менск. Што за гэтым стаіць, не разумею? Калі ёсьць праблемы, скажыце, мы дапаможам, каб ён прыехаў у свой родны горад».

У Заходняй Украіне таксама жывуць нашы людзі

«Як бы яна [Украіна] ні супраціўлялася, але давядзецца актыўна супрацоўнічаць зь Беларусьсю і Расеяй. Нават калі яна імкнецца ў ЭЗ і НАТО». «Але калі ў НАТО Ўкраіне будзе цяплей, то мы ня супраць».

Па кітайскім прыкладзе

На пытаньне аб прыватызацыі Лукашэнка расказаў, як на пачатку ягонага прэзыдэнцтва яму прапаноўвалі прадаць завод «Белшына» за 40 мільёнаў даляраў, цяпер ён ацэньваецца ў звыш мільярда даляраў і сярэдні заробак на заводзе складае каля 500 даляраў. Эканамічная мадэрнізацыя Беларусі праводзілася па кітайскім прыкладзе, які Лукашэнка вывучаў яшчэ да свайго прэзыдэнцтва.

Мы стваралі ў Сібіры газавыя радовішчы

«Ня важна, колькі будзе каштаваць газ у Беларусі, 50 ці 120 даляраў, галознае – каб кошты ў Беларусі і Расеі былі аднолькавымі. Калі ня будзе раўнапраўя, то саюз разваліцца празь некалькі гадоў... Мы, беларусы і ўкраінцы, стваралі ў Сібіры газавыя і нафтавыя радовішчы, але пасьля развалу СССР нічога не атрымалі. Таму дайце нам магчымасьць здабываць той газ і нафту ў Расеі. Справа ня ў цэнах, справа ў адносінах».

Беларусь ня рвецца ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю

«Уступім мы туды ці ня ўступім — мы ўсё адно акажамся там».

Вы — маленькія, мы – вялікія

На пытаньне карэспандэнта «Дня» пра магчымасьць будаўніцтва саюзнай дзяржавы з Украінай, Лукашэнка адзначыў, што «гэта будзе ня горшы з варыянтаў, бо ня будзе прэтэнзій: вы маленькія, мы вялікія».

Пра мадэль разьвіцьця

«Я далёкі ад ілюзіяў, што ў нас усё добра».

Я прыйшоў да ўлады і пачаў кіраваць, …як сапраўдны бацька сям’і

«Мая палітыка гэта не палітыка інтэлігенціка, які выйшаў з інтэлегентнай сям’і, дзе за сталом сэрвіруюць лыжкі сюды, відэльцы сюды. Я прыйшоў да ўлады і пачаў кіраваць, як умею. Часам бізуном, часам пернікам, як сапраўдны бацька сям’і»

У дыктатуры ёсьць нешта добрае

«Я не падабаюся шмат каму на Захадзе, таму яны на мяне і абзываюцца. У дыктатуры ёсьць нешта добрае, таму мы не камплексуем праз гэта».

Янка Брыль і іншыя пісьменьнікі бачылі жыцьцё толькі праз мову, а я не зацыкліваюся

«Янка Брыль і іншыя пісьменьнікі бачылі жыцьцё толькі праз мову, мову, мову, а я не зацыкліваюся на гэтым пытаньні. Для мяне гэта не галоўнае пытаньне. Мы адрадзілі сваю родную мову. Пры нацыяналістах у ВНУ сачыненьні пісалі толькі 15% студэнтаў, пры Лукашэнку цяпер такіх большасьць. Апроч мовы ёсьць яшчэ багата праблемаў. Украінская ж мова адна з маіх любімых, яна вельмі прыгожая».

Ля «Макдональдзу» раней часта сядзела бабка. Мая служба аховы сустрэлася зь ёй…

«Крутыя іншамаркі ў нас бываюць, толькі калі да нас прыязджаюць з Расеі ці Ўкраіны, але і ў нас зьяўляюцца «Хамэры» і «Бэнтлі». Калі ты хочаш зарабіць нармальныя грошы, то ў Беларусі гэта магчыма. Што датычыць бедных, то трэба паглядзець, што гэта за бедныя, часам гэта звычайныя злачынцы. Ля «Макдональдзу» раней часта сядзела бабка, якую я ня раз бачыў. Мая служба аховы сустрэлася зь ёй і пераканалася, што яна зусім ня бедны чалавек. У Менску ўжо не засталося бамжоў, гадоў шэсьць таму яшчэ былі, цяпер няма. У нас няма недагледжаных дзяцей».

Таваразварот падскочыў

Са Злучанымі Штатамі таваразварот падскочыў амаль у два разы, а з Эўразьвязам у 3 разы за апошнія тры гады.

Нашто нам адкрываць вытворчасьць «Мэрсэдэсаў»? У нас свой «МАЗ»

Нашто нам адкрываць вытворчасьць «Мэрсэдэсаў»? У нас свой «МАЗ». Нашто нам вытворчасьць «Катэрпілераў», у нас свой «БелАЗ».

Беларусь па карупцыі займае ня першае месца

«Па карупцыі ў сьвеце прызнаюць, што Беларусь займае ня першае месца. Беларусь — гэта не карумпаваная дзяржава».

Некалі расстрэльвалі проста на месцы

«Некалі ў нас была сапраўдная схватка. Некаторых [крымінальных аўтарытэтаў] расстрэльвалі проста на месцы, цяпер тут цішыня і спакой».

Тры кіты дзяржаўнай ідэалёгіі

«Грошы, улада, уласнасьць».

Я пайменна ведаю ўсіх таленавітых беларускіх журналістаў

«У нас краіне большасьць СМІ недзяржаўныя, але самыя магутныя, натуральна, дзяржаўныя, і мы ім дапамагаем. Я пайменна ведаю ўсіх таленавітых беларускіх журналістаў. Я ім вельмі ўдзячны за падтрымку, якую мне аказваюць беларускія СМІ».

Каб не Гарбачоў, не было б і Лукашэнкі

«Да гэтага чалавека можна ставіцца па рознаму, але, каб не Гарбачоў, не было б і Лукашэнкі. Бо прэзыдэнт ведаў і чуў некалі маладога дэпутата».

Дай Бог кожнаму прэзыдэнту такую апазыцыю

«Дай Бог кожнаму прэзыдэнту такую апазыцыю, як у Беларусі. Самыя ўдалыя апазыцыянэры ў Беларусі – гэта тыя, хто ўцёк некалі ад Лукашэнкі. Апазыцыя павінна быць у кожнай краіне».

Мы ўсе п’ём

Пра антыалькагольную кампанію: «У нас такой няма. Мы ўсе п’ём. Ня меней вашага. Лепш хай піва вып’е чалавек, чым нейкай барматухі».

Ніяк не магу звыкнуцца, што палітыка няшчырая

«Я ніколі ня думаю, што палітыка такая няшчырая. Я ніяк не магу да гэтага звыкнуцца».

Чавэс

«Гэта вельмі талковы і адукаваны чалавек, які імкнецца стаць лідэрам усёй Лацінскай Амэрыкі».

Пераемнік

«Я катэгарычна супраць такіх рэчаў, калі вы намякаеце на маіх сыноў, то гэта абсурд і глупства».

Пра ўкраінцаў

«Гэты народ не заслугоўвае таго становішча, у якім ён апынуўся».

Апошнія выбары мы фальсыфікавалі

“Апошнія выбары мы фальсыфікавалі. За Лукашэнку прагаласавала 93 з паловай працэнта. Але, кажуць, гэта не эўрапейскі паказчык. Мы зрабілі 86 %”, – заявіў А.Лукашэнка. Па яго словах, з боку Еўропы напярэдадні выбараў гучалі абяцаньні, што ў выпадку, калі “будзе прыкладна эўрапейскі паказчык на выбарах, выбары будуць прызнаныя”. “Але таксама не атрымалася. Паабяцалі, што прызнаюць, але не прызналі”.

Эпілёг

«Я не дамагаўся шкурных інтарэсаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?