Факсымільнае выданьне «НН» зробленае з арыгіналаў, падораных кадэбістам. Піша Ўладзімер Содаль.

Пра «Нашу Ніву» людзі майго пакаленьня пачулі найперш у школе пры знаёмстве з творчасьцю Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйлы, Алаізы Пашкевіч-Цёткі, Максіма Гарэцкага і шмат-шмат каго іншых. Менавіта ўсіх іх паклікала да творчасьці «Наша Ніва». Гэта інтрыгавала. Аднак пазнаёміцца з самым выбітным выданьнем, з арыгіналам «Нашай Нівы» мала хто з нас тады мог. Хіба толькі тыя, хто жыў у Менску. І то з адмысловага дазволу. А яго давалі ня кожнаму. Дый не ва ўсіх менскіх бібліятэках, прынамсі і ў так званай Ленінскай дый і ў Акадэмічнай, быў поўны камплект гэтага выданьня за ўсе гады. Яшчэ ратавала цікаўнасьць самых апантаных Вільня. У віленскіх бібліятэках «Нашу Ніву» можна было пачытаць у больш поўных камплектах. Але адно чытаць «Нашу Ніву» ў бібліятэках, архівах, а другое – удома. Спакойна, нясьпешна, зь вяртаньнем да прачытанага і раз, і другі – з кубачкам кавы. Акурат такая мажлівасьць мне аднойчы выдалася. Было гэта дзесь на самым пачатку васьмідзясятых гадоў. Я працаваў на Беларускім тэлебачаньні, выдаваў тэлевізійны часопіс «Роднае Слова». Аднойчы мне захацелася распавесьці пра «Нашу Ніву» з тэлевізійнага экрану. Я пазнаёміўся з наяўнымі нумарамі «Нашай Нівы» ў Нацыянальнай бібліятэцы. Былі там і некаторыя ўкамплектаваныя гадавікі. От гэтым часам пра маё памкненьне дачуўся і вядомы цяпер фальклярыст і энцыкляпэдыст Янка Саламевіч. Ён пад вялікім сакрэтам сказаў, што мае колькі гадавікоў гэтай легендарнай газэты і можа мне даць на колькі дзён пакарыстацца ёй дома.

Я не паверыў сваім вушам: я магу ў звыклых хатніх абставінах разам зь сям’ёю, з сваімі дзецьмі чытаць «Нашу Ніву», газэту-легенду!

Праз колькі дзён Янка Саламевіч прынёс абяцаныя гадавікі, і мы сваёй дружнай сямейкай з гэтай газэтай правялі не адзін вечар. Пра гэта сьведчаць і фатаздымкі той пары. Як каму, а для мяне гэтае чытаньне зрабілася знакавым, накіраваўшы да пошукавай і дасьледніцкай працы, якая працягваецца да гэтае пары. Але пра гэта хіба крыху пазьней. А цяпер дарэчы будзе згадаць, адкуль жа ў Янкі Саламевіча «Наша Ніва». Уражаны нечаканай сустрэчай з «Нашай Нівай», сустрэчай нечаканаю, ды і з этычных меркаваньняў я не адважыўся пацікавіцца ў сп.Саламевіча, адкуль у яго такая каштоўнасьць, такі рарытэт. І толькі праз шмат гадоў Янка распавёў:

– Працаваў у нас у «Энцыкляпэдыі» Мікалай Камінскі. От ад яго і дасталося мне колькі камплектаў нашай першай беларускай газэты. А яму гэтыя камплекты дасталіся з архіву. Да «Энцыкляпэдыі» Камінскі працаваў у архіве. У якім? Здаецца, Кастрычніцкай рэвалюцыі. Там акурат захоўваліся згаданыя гадавікі. А на той час вядома, якая была трактоўка «Нашай Нівы» – лібэральная, дробнабуржуазная. То каму такая газэта патрэбная ў нашай краіне, дзе от-от настане камунізм? Дык от адзін з кадэбістаў, апякун архівістаў, кажа Камінскаму: «Калі хочаце, можаце забраць сабе». І Камінскі забраў. Тады што? Камінскі зьбяднеў, і я за пэўную плату купіў тыя гадавікі. Мне дасталася ад Камінскага «Наша Ніва» за 1909–1910, 1912–1914 гады. Зь іх Зьміцер Санько адбіў факсымільныя гадавікі.

Гэтым парадкам, праз ксэракапіяваньне, былі ўкамплектаваныя гадавікі старой «Нашай Нівы» ў нашых бібліятэках, і гэтым самым нашыя дасьледнікі і проста чытачы атрымалі мажлівасьць прасачыць гісторыю станаўленьня нашай першай легальнай газэты. І ня толькі гісторыю газэты, але і народзіны новай беларускай літаратуры і іншых праяваў беларускай культуры. «Наша Ніва» – гэта жывы летапіс гісторыі Беларусі пачатку ХХ стагодзьдзя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0