Улетку «Наша Ніва» запачаткавала дыскусію на тэму Народнага пісьменьніка: ці варта захаваць званьне Народных пісьменьнікаў у сучаснай Беларусі і, калі так, то як?

Да закранутай «НН» тэмы далучыліся шараговыя чытачы. На сайце «НН» адбылося інтэрнэт-апытаньне. Выказаліся беларускія літаратары, літаратуразнаўцы, мастакі, музыкі, выдаўцы і перакладчыкі, сярод якіх Міхась Скобла, Арлен Кашкурэвіч, Генадзь Вінярскі, Пятро Васючэнка ды інш. На радыё «Свабода» ў праграме Юр’я Дракахруста свае меркаваньні выказвалі Адам Глёбус, Яўген Будзінас і Валянцін Акудовіч.

За Народнага

Патрыярх беларускае інтэлектуалістыкі Арсень Ліс мяркуе: «Калі творца годна рэпрэзэнтуе літаратуру свайго народу як мастак слова і грамадзянін, то ня грэх яго ўшанаваць адпаведным чынам». Ад сябе прапануе колькі кандыдатураў, сярод якіх Аляксей Дудараў, Генадзь Бураўкін, Алесь Разанаў.

Чытачка зь Менску Г. уважае тэму Народнага актуальнай. На яе думку, гэтага званьня годны рок-музыка і літаратар Лявон Вольскі, дзякуючы творчасьці якога моладзь пачала вяртацца да роднай мовы.

Кася зь Менску піша, што сапраўдны Народны пісьменьнік найперш павінен быць адданы Бацькаўшчыне. Яна сьцьвярджае, што Міхал Анемпадыстаў сваімі вершамі гэтую адданасьць дэманструе. Да таго ж піша тэксты для рок-гуртоў, якія маюць уплыў на моладзь.

Чытач Ягор Марціновіч згодны на Народнага, адно што яму бачацца ў гэтай ролі сталыя творцы і менавіта пісьменьнікі. Не перакладнік Сёмуха ды палітык Пазьняк, пры ўсёй да іх павазе, а, напрыклад, Іван Пташнікаў.

І супраць

А. Глёбус лічыць савецкую традыцыю Народнага пісьменьніка праявай непавагі расейцаў да літаратараў з правінцыі: «Пісьменьнікі, якія пісалі па-расейску і былі імпэрскімі пісьменьнікамі – імпэрыі СССР, не атрымлівалі званьня Народнага пісьменьніка Расеі. А гэта такое грэблівае стаўленьне да літаратараў з ускраін».

Зь ім пагаджаецца чытач Юры Мянкоў з Кармянскага раёну: «Гэтае званьне прысуджалі ў імпэрскі час з мэтай кантраляваць пісьменьніцкае асяродзьдзе». Сп.Мянкоў лічыць, што творцы мусяць займацца сваёй справай ня дзеля ўзнагародаў і прызнаньня, тады гэта будзе сапраўдная творчасьць і літаратура. І ставіць у прыклад паэтку Ларысу Геніюш, якая ніколі ня мела званьняў, у тым ліку званьня Народнай, але паводле духу, сваіх перакананьняў яна была сапраўднай народнай, бо жыла дзеля свайго народу, жыла дзеля Беларусі.

Сяргей Харэўскі лічыць аджылай гэтую традыцыю, а за лепшае ўважае стварэньне літаратурнай прэміі, кшталту Ганкураўскай. І зазначае, што пэўныя спробы і правобразы такой прэміі ў беларусаў ужо ёсьць, маючы на ўвазе «Залатую літару» і «Глінянага Вялеса».

Кандыдаты на Народнага

Вынікі зладжанага праз пошту і тэлефанаваньні галасаваньня ў значнай ступені адрозьніваліся ад вынікаў інтэрнэт-галасаваньня. У апошнім прынялі ўдзел 715 чалавек. Іх галасы разьмеркаваліся наступным чынам: Уладзімер Арлоў – 191, Лявон Вольскі – 99, Адам Глёбус – 90, Сьвятлана Алексіевіч – 88, Генадзь Бураўкін – 45, Алесь Разанаў – 33, Іван Пташнікаў – 4. Савецкім перажыткам званьне Народнага назвалі 148 чалавек, 17 палічылі, што ніхто ня варты быць Народным пісьменьнікам. Такія сымпатыі маладзейшае часткі нашаніўскай аўдыторыі, чытачоў сайту.

Пры дапамозе пошты і рэдакцыйных апытаньняў прагаласаваў 121 чалавек. Тутака першае месца падзялілі Генадзь Бураўкін і Алесь Разанаў, за якіх аддалі па 17 галасоў, на другім месцы – Уладзімер Арлоў, 14, трэцяе – за Вольгай Іпатавай ды Іванам Пташнікавым, па 7. Па 6 галасоў маюць Уладзімер Някляеў ды Віктар Казько, Сяргей Законьнікаў – 4, Сьвятлана Алексіевіч, Анатоль Вярцінскі ды Андрэй Федарэнка – па 3. Па 1–2 галасах атрымалі Адам Глёбус, Лявон Вольскі (лідэры інтэрнэт-апытаньня), Міхал Анемпадыстаў, Валянцін Тарас, Рыгор Барадулін, Алесь Петрашкевіч, Юры Станкевіч, Васіль Сёмуха, Вітаўт Чаропка, Данута Бічэль, Аляксей Дудараў, Андрэй Хадановіч, Васіль Зуёнак, Зянон Пазьняк, Янка Сіпакоў. Ня бачаць вартых узнагароды 12 чалавек.

Хто мае ўзнагароджваць

Найлепш, калі гэтым будуць займацца «старыя» Народныя, мяркуе Міхась Чыгунок. Бо толькі яны маюць маральнае права ўзнагароджваць іншых такім ганаровым тытулам ці вырашаць, што такое ўзнагароджваньне не патрэбна наагул. «Хто пасьля дазволіць сабе заявіць, што Барадулін ці Гілевіч памыліліся ў вызначэньні таго ці іншага на гэту пасаду?» – зазначае сп.Міхась і дадае, што пры гэтым абавязкова трэба ўлічыць меркаваньне народу. Для гэтага трэба ладзіць шматлікія апытаньні, грамадзкія абмеркаваньні з прыцягненьнем вядомых і аўтарытэтных людзей.

Вольф Рубінчык прапануе надаць гэтую функцыю парлямэнту, які мае ўзнагароджваць творцаў падчас адмысловых паседжаньняў.

Зь іншых ідэяў, што прагучалі, найбольш рэалістычнай здаецца прапанова, каб наданьнем званьня Народнага займалася Таварыства беларускай мовы. Няма іншай такой масавай і аўтарытэтнай арганізацыі. Дый і задачы ТБМ – захаваньне, узбагачэньне і папулярызацыя нашай мовы й літаратуры. Засталося распрацаваць справядлівы і юрыдычна варты мэханізм...

Яскравы аргумэнт

Пісьменьніцкі асяродак перажывае нялёгкі час. Апальны пісьменьніцкі саюз канчаткова выселілі з будынку, кіраўнік іншае арганізацыі дазваляе сабе называць беларускамоўных школьнікаў «ублюдкамі». На адкрыцьці помніка Народнаму пісьмень¬ніку Івану Шамякіну не было прадстаўнікоў абедзьвюх пісьменьніцкіх арганізацыяў.

У той жа час Народны паэт Рыгор Барадулін выказаўся ў падтрымку непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі акурат у той момант, калі перасьлед яго набыў злавесныя рысы. Адзін з актывістаў Саюзу Андрэй Пачобут назваў гэта «салідарнасьцю Беларусаў з Палякамі», заступніцтва паэта расцэньваецца як голас беларускага народу. Магчыма, гэта найбольш яскравы аргумэнт на карысьць таго, што аўтарытэт Народнага пісьменьніка яшчэ ня зжыў сябе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?