...бы музыка здалёку, з таго сьвету,
на кухні газ, як курыца худая,
сінее стальлю, п’янай ад крыві,
пралітае з бадзянкі, што камар
паўчаркі выпіў. Ініцыятыву
вось праяўляе плебс, з гадзіну недзе
бардзюры крышачы і парапэты
у вольны ад работы плённай час.
Мы зьменім дух, бо гэты верш яшчэ
ня скончаны, але пра што такое
не напісалі мы? У шыбе месяц
сынкрэтычны – макавым насеньнем
у ім Бэтговэн Людвіг Ван. Я вам
такое гэтым вечарам сказаць
хацеў. Даруйце за маўчаньне. Толькі
душа не пракаўтне густое пасты
неба і жывот яе бурчыць,
як батарэя ацяпленьня. Ціск,
тэмпэратура, быццам іншасьвет
у сьвет прыходзіць празь мяне. Было
відаць на месяцы абрысы Джорджа
Бэрклі, і дажджом сьцякла саната.
1990 г.