«Тата, а ў той дзяўчынкі таксама тата, а ня папа…» Піша Руслан Равяка.

Сёлета адпачываў у Ялце. Мая дачка, перабіраючы на пляжы каменьчыкі, пазнаёмілася з аднагодкаю-ўкраіначкаю. Тая лепятала на сваёй мове, мая, нагуляўшыся, падбегла да мяне і кажа:

– Тата, а ў той дзяўчынкі таксама тата, а ня папа…

Гэткая рэакцыя маёй дачкі дзеля таго, што ходзіць яна ў расейскамоўны садок.

Прыпомнілася, як у 1996 годзе я зьбіраў подпісы за чарговага кандыдата. У адной кватэры падпісвалася маладая сям’я, расейскамоўная. Пачуўшы маю беларускую, раптам аднекуль з пакою выбег хлопчык гадоў чатырох і пачаў сакатаць па-наску. Як выявілася – водзяць у садок з нашай моваю. Мяне гэта тады моцна ўразіла. Падалося, што ня ўсё згублена на той неспакойны час. Садок заклаў у малога больш, чым ягоныя бацькі. Прынамсі навучыў роднай мове, даў адчуваньне прыгажосьці яе гучаньня.

Навукоўцы кажуць, што роднасьць моваў назаўжды прапісваецца ў розуме да шасьці гадоў. Што прапішацца цяперака ў галовах малога пакаленьня, калі людзі ўсё больш адрываюцца ад вёскі ды ня чуюць мовы на тэлебачаньні? Некаторым дзецям нават «Калыханкі» не паказваюць, пераключаючы на расейскамоўны аналяг на СТБ.

Ня так даўно ў нас гасьцявала жончына сяброўка, што стала жыве ў Менску. Пабачыўшы дубляваны па-беларуску мультфільм, што глядзела мая дачка, сяброўка зьвярнулася да маёй:

– Як добра, што вы паказваеце дзіцяці фільмы па-беларуску. Мая ж сёлета пайшла ў школу, і беларуская мова для нас сталася пакутаю. Дачка плача, што нічога не разумее. Ніколі ж раней ня чула. Відаць, давядзецца наймаць рэпэтытара.

Мая расейскамоўная палова ўздыхнула з палёгкаю – прынамсі, у адным прадмеце нам грошай на рэпэтытара выдаткоўваць не давядзецца.

У Баранавічах існуе прыватная школка ці, лепей сказаць, курсы для дзяцей. Іншыя мае знаёмцы водзяць туды сваю дачку пасьля школы, ад 19-й да 21-й гадзіны, а таксама ў суботу. Выкладаюцца розныя прадметы для розных узростаў. Напрыклад, за 75 тыс. у месяц дзяцей там вучаць беларускай мове. Цяпер у групе 9 чалавек. Дарэчы, добрых спэцыялістаў у роднай мове ў горадзе менш, чым высакаклясных выкладчыкаў ангельскай, нямецкай ды нават польскай.

Хацелася б, каб я памыляўся, магчыма, што настаўнікі роднай мовы проста невядомыя – бо незапатрабаваныя…

Баранавічы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0