Касьцюмчык быў скамечаны.

Касьцюмчык з поліэстэру для фізкультуры; толькі мой касьцюмчык у свой час ляжаў у адмыслова пашытым палатняным мяшэчку, а касьцюмчык Томці – у поліэтыленавым; але як мне запомніўся той палатняны, так Томця будзе памятаць гэты. І пах поліэстэру, скамечанага адразу ж па ўроку і засунутага ў мяшэчак.

Восень.

Ужо зімна.

Попелішча зарастае зялёнымі калівамі.

Я нарадзіла Томцю лёгка. Здаецца, можна сказаць, што роды былі самыя лёгкія. Яны былі натуральныя і зразумелыя ў маім расхістаным і штучным жыцьці.

Маці перастала са мной размаўляць адразу пасьля таго, як я паведаміла ёй, што ў мяне будзе дзіця. Не, спачатку яна накрычэла на мяне. Сэнс крыкаў зводзіўся да таго, што яна, маці, ня ведала, наколькі я дурная. Ведала, што дурная, але ня ведала, што настолькі. Але шчыры дзякуй маці, што яна не спрабавала выгнаць мяне з кватэры – кватэры, якая засталася па бабулі, кватэры, куды маці засяліла мяне, каб я ўладкавала свой лёс, і дзе, замест гэтага, я напоўніцу праявіла сваю дурасьць.

І мы сталі жыць з Томцяй.

Калі я, празь сьлёзы, упершыню пабачыла Томцю, мяне зьдзівіла, наколькі яна падобная да свайго бацькі. Але нават гэта ня зьменшыла майго шчасьця. Аднак потым, калі дзяўчынка з кожным месяцам станавілася ўсё больш падобная да мяне, я зразумела, што мяне гэта кранае неяк па-асабліваму. Час зьвіваецца ў скруткі, і аднойчы ў парку, на старых арэлях, я пабачыла саму сябе трыццаць год таму, русявую і цыбатую.

Томця пайшла ў школу.

Як і трыццаць год таму, у Берасьці няма ніводнай беларускай школы, ніводнай беларускай клясы. Як няма ні польскіх, ні ўкраінскіх. Не адчуваючы сябе ў сілах барукацца з гумовымі людзьмі, я адвяла Томцю ў трынаццатую сярэднюю школу, дзе калісьці вучылася сама. Тут гулка і цемнавата, а ў спартовую залю трэба ісьці праз галерэю.

Толькі дзіця будзе любіць цябе ні за што і нават насуперак усяму.

Прыхапіўшы ранец і мяшэчак зь фізкультурнай формай, мы ідзем са школы, і Томцін сябрук Назар распавядае пра рымскіх глядыятараў, і што ягонага дзядзьку забралі ў Магілёўцы, і што ў яго ёсьць мульцік «Мадагаскар», і што летам, калі ён быў з сабакам у лесе, то міма іх нехта прабег.

– Чалавек? – удакладняю я.

– Не, – гаворыць ён. – На чатырох лапах, а сабака страшна гаўкаў!

Мне хочацца абараніць Томцю ад усяго, але я ведаю, што гэта немагчыма.

Томця сядае рабіць урокі. Яна трымае асадку троху ня так, як трэба, і занадта схіляецца над сшыткам, але не даецца, каб я паправіла. Я пакідаю яе на самоце.

Ар’ян даслала фотку. Яна стаіць на тле свайго поля, а Паўль абдымае яе так, каб мы бачылі вялізны круглы жывот. Ар’ян на часах, засталіся мо якія дні. Я пішу ёй некалькі вясёлых слоўцаў і націскаю «Адаслаць». Калі Ар’ян прыехала да нас упершыню, яна прывезла нам у падарунак нож для нарэзкі сыру і кулёчак каштанаў. «Гэта ёсьць ядомы каштан, – тлумачыла яна. – Ён расьце на двары ў маёй бабулі. Мы зьбіраем некалькі мяхоў і ямо ўсю зіму. Мы пражым іх на жароўні».

– Мама! – Томця паднімае галаву ад пропісяў. – Я ня веру Назару.

– Наконт чаго?

– Што каля іх нехта прабег на чатырох лапах.

Назар, Ян, Мілена, Ева, Багданка, Саўка – так завуць Томціных дружбакоў з клясы. У нашай клясе было тры Наташы, чатыры Лены, тры Сьветы, а рэшта – Ірыны.

Я адкідваю бульбу і закрашваю алеем капусту. Потым я яшчэ завару сабе кавы, а Томці зраблю чакаляды.

За вокнамі сячэ дождж. У цемры чуваць рыканьне машын; гудзіць цеплаход над ракой; вокны сьвецяцца. Сёньня дзяды, але талеркі не дрыжаць і ня падаюць долу са стала.

Томця есьць і курчыць мінкі, і я раблю ёй заўвагу.

Вось і ноч. Бомкнуў кампутар: Паўль шчасьлівы паведаміць, што Ар’ян нарадзіла дзяўчынку. У сьпісе на рассылку ня менш за паўсотні адрасоў. Я ўяўляю, як цяпер Паўль танчыць і скача на сваёй фэрме пад Дэльфтам; уяўляю, як пачуваецца Ар’ян у больнічнай палаце, як яна разглядае сваё дзіця. Уяўляю, як перад іхным домам шуміць вялізны стары каштан пад гэтым дажджом.

Я дасылаю ім віншаваньне і сядаю за работу. Зараз я зраблю ім падарункі, маёй любай сяброўцы і ейнай дзяўчынцы.

Я вяжу вельмі хутка.

Томця бледная, як усе дзяўчынкі ў горадзе. Яна скінула коўдру, а тонкія ручкі схавала пад падушку.

Я і мая дзяўчынка, у вышыні і цемры над горадам, над ракой, над машынамі, там, дзе сячэ дождж, дзе пралягаюць паветраныя дарогі дзядоў, дзе цячэ час, дзе сьвішча вятрыска. Вось і гатова: пульхны мілы касьцюмчык для малой і стылёвы жакет для Ар’ян. Зараз яшчэ наляплю свае фірмовыя ярлычкі:

Handicraft by Albina Judčyc

Belarus

А калі – ужо хутка – разьвіднее, то зялёныя калівы ўжо спрэс заплятуць попелішча, і жыцьцё са сьмехам пойдзе сабе далей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0