Пазбавіўшы Рэдакцыю “Нашай Нівы” магчымасьці правесьці сустрэчу з чытачамі ў прыдатнай залі, менскія ўлады дамагліся адваротнага: дзьвюх “нашаніўскіх” імпрэзаў замест адной. Абедзьве сустрэчы з чытачамі, якія прайшлі 23 лістапада ў невялічкай залі Ўправы Беларускага Народнага Фронту ў Менску, не дублявалі, але дапаўнялі адна адну. Канфэрансье Сяргею Харэўскаму ўдаваліся імправізацыі, мяняўся склад выступоўцаў, і нават Лявон Вольскі пазьбягаў паўтарэньня ў выбары песень. Публіка таксама розьнілася – калі а 17-й гадзіне палова залі складалася зь людзей сярэдняга веку, дык імпрэза а 19-й была спрэс маладзёвай. Агулам на абедзьве сустрэчы прыйшло за 300 чалавек – болей заля папросту не зьмяшчала.

“Сьмялей, праходзьце наперад, сядайце на сцэну”, - заклікаў моладзь Андрэй Дынько. І сапраўды – празь некалькі момантаў прамоўцы апынуліся ня перад публікай, а ў яе гушчы, як на сапраўднай сяброўскай гаворцы.

Вёў праграму мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, адзіны чалавек, які працуе ў рэдакцыі "Нашай Нівы" ад першага нумару яе аднаўленьня.

Пасьля яго слова ўзяў Андрэй Дынько. Ён апісаў сучасны стан газэты. Ніколі газэта ня мела столькі падпісчыкаў і чытачоў, як сёньня, сказаў ён. Ніколі, дзякуючы Інтэрнэту, яе аўдыторыя не расла так імкліва. Сп.Дынько таксама выказаўшы на гарачыя тэмы сытуацыі. Ён сказаў -- папярэдзіўшы, што не выключае, ягоныя словы будуць масава крытыкавацца -- што беларуская апазыцыя цяпер, у прынцыпе, усё робіць правільна. Галоўнае -- каб у яе хапіла сілаў і стойкасьці ня збочыць са свайго шляху. У гэткім выпадку праз 20 гадоў Беларусь стане яшчэ адной скандынаўскай краінай.

Пасьля рэй вялі найстарэйшы аўтар сёньняшняй "НН" пісьменьнік Валянцін Тарас і наймаладзейшы супрацоўнік, ролю якога выконваў ваш пакорлівы слуга.

Пасьля ўсіх гэтых прамоваў на сцэну выйшла зорка айчынннага року Лявон Вольскі, ён расказаў, што крышачку прастуджаны і з гэтай прычыны цалкам мог адмовіцца ад выступу, але не зрабіў гэтага, бо разумее, чым сёньня зьяўляецца газэта для беларускага грамадзтва. Апошняй Вольскі выканаў песьню "Не загаснуць зоркі ў небе", якую прысутныя пелі стойма, як гімн.

Выступіў пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які неаднаразова сарваў мноства аплядысмэнтаў залі, ён зачытваў урыўкі са сваіх падарожных эсэ, якія цягам доўгіх гадоў друкавала "НН".

Ад імя калектыву газэты "Салідарнасьць" і БАЖу "Нашу Ніву" павіншаваў Аляксандар Старыкевіч, які падараваў рэдакцыі шыкоўны букет.

Напрыканцы вечарыны Андрэй Дынько ўзгадаў першага рэдактара адноўленай "Нашай Нівы" Сяргея Дубаўца, без прароцкае волі якога якога ня быў бы магчымы гэты юбілей. Пасьля гэтага заля воплескамі вітала тых людзей, што разносяць штотыдзень газэты і проста ахвяруюць грошы на выхад.

Напачатку другой вечарыны літаратурны краязнаўца Ўладзімер Содаль распавёў пра тое, як прабіваў праз тэлевізійную цэнзуру перадачу пра старую “Нашу Ніву”, не забыўшыся выказаць сымпатыю да адноўленай “НН”.

Потым Андрэй Дынько праінфармаваў пра папярэднія і заплянваваныя “нашаніўскія” сустрэчы з чытачамі. Асабліва важна, лічыць ён, было распачаць іх у Бэрліне, а скончыць варта ў Маскве. Паводле ягоных словаў, Нямеччына ды Расея – надзвычай важныя для Беларусі партнёры, і псаваць іх імідж стэрэатыпамі, як тое робяць безадказныя палітыкі, няслушна.

Трымаючы ў руках новы нумар “НН”, Сяргей Скрабец, былы палітычны вязень, выйшаў на сцэну. Павольна прамаўляючы па-беларуску, ён ўзрадавана вітаў моладзь, якая дае яму надзею, што дэмакратыя пераможа ў бліжэйшы час. “Я нават думаю, у наступным годзе”, дадаў ён. Скрабец нагадаў пра Аляксандра Казуліна, які на той момант трымаў галадоўку ўжо 35 дзён, а потым пажадаў рэдакцыі стотысячнага накладу і першым за гэты дзень гукнуў “Жыве Беларусь!”

Між тым праз шэрагі моладзі ўжо прабіваўся вэтэран-нашанівец Зьміцер Бартосік. Скінуўшы скуранку, ён правёў пальцамі па струнах ды завёў сьпеў пра “шалік белы з чырвонаю стужкай”, запаліўшы зьнічкі ў вачах цудоўнай паловы залі.

Пасьля гэтага Ўладзімер Арлоў прэзэнтаваў урыўкі са сваіх эсэ для літаратурнай дэгустацыі. Ён асабліва падкрэсьліў тое, што ўпершыню ў жыцьці зьявіўся перад публікай у строгім гарнітуры і пры гальштуку – як-ніяк, нагода для выступу сур’ёзная.

Пісьменьніка зьмянілі маладафронтаўцы, якія ўручылі галоўнаму рэдактару “НН” ганаровы дыплём і прыз, а Лявон Вольскі ня толькі зладзіў акустычны міні-канцэрт, але і прачытаў сваю казку “Пра ўвядзеньне агульнай формы адзеньня”. “Які прыпеў сьпяваем?” – спытаўся ён у залі, нечакана зрабіўшы паўзу пад час выкананьня “Трох чарапахаў”. “Ты не чакай, чаканьне дастала!” – радасна адказалі чытачы “НН”, адмовіўшыся сьпяваць пра тое, што “сюрпрызаў ня будзе”.

У канцы імпрэзы прагучала навіна. Андрэй Дынько сказаў, што мае намер бліжэйшым часам сысьці з пасады галоўнага рэдактара, а ягонае месца мае заняць Андрэй Скурко, чалавек, які пяць гадоў адпрацаваў намесьнікам рэдактара "Нашай Нівы". Сп.Дынько зазначыў, што ня сыдзе з асяродку газэты, а стане рэдактарам сайту nn.by.

Фота Юрася Дзядзінкіна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?