Навуковец-геолаг Канстанцін Лукашоў падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў з’яўляўся даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча і сябрам Цэнтрвыбаркаму з правам дарадчага голасу.

Акрамя таго, ён вядомы як брат палітыка Вячаслава Сіўчыка. Пасля выбараў 2006 года Канстанцін Лукашоў разам з усёй сваёй сям’ёй зазнаў ціск з боку ўладаў, калі дапамог моцна збітаму спецназам брату пазбегнуць арышту на выхадзе з больніцы.

Яшчэ ў мінулым годзе аддзел, у якім працаваў К.Лукашоў, быў скасаваны, з-за чаго некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў маглі патрапіць пад скарачэнне. Першапачаткова спадара Кастуся перавялі ў іншую структуру інстытута, якая пад скарачэнне не падпадала, але праз месяц пасля выбараў-2010 рашэнне кіраўніцтва змянілася. Дзіўным чынам гэта адбылося пасля шэрагу публікацый у прэзідэнцкай газеце «СБ-Беларусь Сегодня». У адной з такіх публікацый імя Канстанціна Лукашова згадвалася ў спісе фармаванага апазіцыяй, па версіі спецслужбаў, Ураду народнага выратавання.

Канстанцін Валянцінавіч Лукашоў прапрацаваў у галіне геалогіі 18 гадоў, пайшоўшы шляхам сваіх дзеда, бацькі і брата. Ягоны дзед, акадэмік Канстанцін Ігнацьевіч Лукашоў, стаяў ля вытокаў беларускай геалогіі. Менавіта дзякуючы яму ў 60-я гады мінулага стагоддзя была створана Лабараторыя геахімічных праблем пры Акадэміі навук Беларусі, якая пазней вырасла ў Інстытут геафізікі і геахіміі АН БССР.

Звальненне Канстанціна Лукашова стала сама як мінімум трынаццатым выпадкам палітычна матываванага выгнання з працы ці вучобы ў Беларусі пасля выбараў-2010.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?