Роўна год таму, у Мінскім планетарыі, Алесь Міхалевіч публічна абвясціў аб намеры балатавацца ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Піша Кастусь Лукашоў, удзельнік штаба Міхалевіча.
Памятаю добразычлівую іронію і адкрыты скептыцызм прысутных тады ўдзельнікаў прэзентацыі, якіх прымусілі ў той дзень спачатку праслухаць лекцыю пра зорнае неба. І праўда: зусім малады чалавек, без партыі ці якой-небудзь значнай грамадскай падтрымкі за сабой, крыху збянтэжаны ад пільнай увагі журналістаў і яхідных каментароў. Хто з прысутных тады мог ведаць, чым усё гэта скончыцца праз год і чаго на самой справе дасягне Алесь?

А насамрэч, Міхалевіч здзівіў многіх. Нават не тым, што «нечакана» мабілізаваў даволі вялікую ў нашых рэаліях ініцыятыўную групу і даволі бадзёра сабраў 100 000 подпісаў. І не тым, як невыразна, на першы погляд, правёў агітацыйную кампанію. Здзівіў нават не тым, што насамрэч выявіўся пісьменным і моцным палітыкам, які дасягае сваіх амбіцыйных мэтаў і ўмела знаходзіць падтрымку і разуменне ў зусім розных людзей. Самым вялікім здзіўленнем для тых, хто дрэнна ведае Алеся, стала яго цвёрдасць. Цяпер, калі ён арыштаваны па надуманым абвінавачванні, цалкам відавочна, што

Міхалевіч перайграў ў палітычнай барацьбе рэжым, якому толькі заставаўся апошні сродак — грубая сіла.

Так што, нягледзячы на арышт і незаконнае ўтрыманне кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь (прыстаўку «экс» яшчэ рана ставіць) Алеся Міхалевіча, гэта толькі пачатак яго палітычнага «палёту». У яго сапраўды ўсё атрымаецца!

П.С. Ініцыятыўная група Алеся Міхалевіча выказвае салідарнасць з усімі кандыдатамі ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь і іх прыхільнікамі, якія трапілі пад рэпрэсіі рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?