Сёння заслужаны будаўнік БССР і па сумяшчальніцтве кіраўнік Нацбанка Беларусі Пётр Пракаповіч зрабіў некалькі сенсацыйных заяваў на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Возьмем у доўг ўсяго 2 млрд даляраў

Па-першае, Беларусь у 2011 годзе рэзка скароціць знешнія запазычанні. Па планах, Пётр Пятровіч думае пазычыць 1 млрд еўрабондаў, 8 млрд расейскіх рублёў праз размяшчэнне аблігацый у Расеі і па дробязі са сродкаў Еўразійскай фонду «у межах квоты», перадае «Интерфакс Запад».

«Іншыя запазычанні на 2011 год не прадугледжаныя», — падкрэсліў Пётр Пракаповіч, нагадаўшы, што браць у доўг забараніў Лукашэнка.

Усе надзеі Пётр Пятровіч ускладае на АЭП, уступленне у якую чамусьці дазволіць скараціць дэфіцыт знешняга гандлю адразу ў 2 разы.

«У нас ёсць усе магчымасці знізіць дэфіцыт знешняга гандлю да 9% ВУП, гэта значыць практычна ў два разы ў параўнанні з узроўнем 2010 года», заявіў галоўны банкір краіны.

Друкавальны станок Расіі

Па-другое, ідэя ўвядзення адзінай валюты ў межах АЭП з наднацыянальным эмісійным цэнтрам здаецца Пятру Пятровічу цалкам рэальнай.

«Пераход на адзіную валюту — гэта нармальная перспектыва для ўсіх, у тым ліку для Адзінай эканамічнай прасторы», — сказаў П. Пракаповіч на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

«Казахстан ўжо прапанаваў сваю схему, і мы прапануем сваю схему. Гэта будзе адзіная валюта ў межах АЭП, і ўсе краіны будуць мець роўныя магчымасці па яе выкарыстанні», — сказаў Пракаповіч. Трэба меркаваць, Пётр Пятровіч спадзяецца друкаваць грошы для трох краін адразу.

Што такое дзікасць?

Па-трэцяе, Пётр Пракаповіч лічыць дзікасцю магчымае ўвядзенне эканамічных санкцый з боку Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі.

«Увядзенне эканамічных санкцый у 21-м стагоддзі гэта, па меншай меры, дзікасць», — заявіў Пракаповіч на прэс-канферэнцыі ў Менску.

На ягоную думку, гэтыя санкцыі будуць безвыніковымі. «Эканамічныя санкцыі ва ўмовах глабальнай эканомікі не могуць даць вынік», — лічыць кіраўнік Нацбанка.

Пры гэтым ён упэўнены, што Еўразвяз не вырашыцца пайсці на жорсткія эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі. «Я не бачу падставаў таго, што палітычныя заявы могуць дайсці да крытычных рашэнняў. Эканамічны характар не дазваляе іх прыняць», — сказаў П. Пракаповіч.

На ягоную думку, у выпадку ўвядзення санкцый з боку ЕЗ, гэты факт часова ўскладніць сітуацыю ў эканоміцы Беларусі, але не здзейсніць на яе глабальнага негатыўнага ўплыву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?