Рэдактарка сайта «Хартыя-97» Наталя Радзіна 28 студзеня выйшла на волю з ізалятара КДБ. Пасля гэтага яна паехала да Вольгі Бандарэнкі, жонкі зняволенага каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Змітра Бандарэнкі. Там і застаў яе званок ад «Нашай Нівы».

«Наша Ніва»: Наталля, на якіх умовах і на паставе чаго цябе вызвалілі?

Наталля Радзіна: Выпусцілі на ўмовах падпіскі аб нявыездзе. Толькі загадалі, што да нядзелі я павінна з’явіцца ў Кобрыне, па месцы рэгістрацыі, дзе і павінна знаходзіцца на час следства. Натуральна, што мушу з’яўляцца на допыты і іншыя следчыя дзеянні.

«НН»: Статус абвінавачанай застаўся?

НР: Так, тут без змяненняў.

«НН»: Як лічыш, што стала прычынай твайго вызваленя?

НР: Толькі дзякуючы салідарнасці. Прызнавацца і каяцца мне не было ў чым. Я гэта ўвесь час казала следчым. А што да вызвалення, то тут сваю ролю адыгралі патрабаванні ЗША і Еўропы. Зараз вось аднаўляю карціну таго, што адбывалася за час зняволення.

«НН»: А нейкая інфармацыя ў камеру даходзіла?

НР: Вельмі мала. Да мяне дайшло толькі адзін ліст ад мамы. Што датычыць газет, то сябры падпісалі на «Народную волю», «Нашу Ніву», «Камсамолку», «Аргументы і факты». Даходзілі толькі дзве апошнія. «Нашай Нівы» не дайшло ніводнага нумару. Тэлевізару ў камеры таксама не было.

«НН»: Якія ўмовы ўтрымання?

НР: Я не магу пра гэта расказваць. Але, у прынцыпе, у жаночай частцы ізалятара нармальныя. Толькі трэба мець на ўвазе, што гэта турма, а не курорт.

«НН»: Чаму да зняволеных так рэдка дапускалі адвакатаў?

НР: Нам гэта не тлумачылі.

«НН»: Пасля сустрэчы з адвакатам была інфармацыя, што ў цябе праблемы са здароўем. Як цяпер?

НР: Больш-менш нармальна. Але адразу пасля затрымання было не вельмі. Я была збітая. Выклікалі хуткую дапамогу. Потым мяне аглядваў турэмны афтальмолаг. Адляжалася тыдзень і стала цярпіма. Пакутвала ад галаўнога болю. Быў бранхіт.

«НН»: Нагадай, калі ласка, як цябе затрымлівалі.

НР: Прыкладна, а чацвёртай раніцы ў дзверы офіса «Хартыі» пачалі званіць і ламіцца. Перад гэтым мне патэлефанавала мама, якая знаходзілася ў кватэры, дзе я жыву. Казалі, што прыходзілі мяне шукаць. Я адразу пачала тэлефанаваць праваабаронцам. Аднак дзверы вельмі хутка выламалі. Былі людзі ў масках. Спачатку не ведала, што мяне вязуць у «амерыканку».

«НН»: Так разумею, што журналісцкай працай ты не спынешся займацца?

НР: Безумоўна, не. Калі мяне вызвалялі, то сказала пра гэта «кадэбістам». Маўляў, вы ж разумееце, што я буду працягваць рэдагаваць сайт «Хартыі-97». Ніхто мне на гэта нічога не адказаў.

«НН»: Як думаеш, астатнія вязні таксама хутка будуць на волі?

НР: Усё залежыць ад людской салідарнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?