Маці зняволенага ў СІЗА КДБ палітыка Паўла Севярынца спрабуе дамагчыся сустрэчы з сынам ці хаця б таго, каб яму перадавалі неабходныя лекі.

Таццяна Севярынец расказала, што 31 студзеня напісала скаргу на імя намесніка генеральнага пракурора, бо адказы з Генпракуратуры на яе ранейшыя скаргі яна лічыць абразлівымі бюракратычнымі адпіскамі.

Яна абураная тым, што яе мінулы зварот у Генеральную пракуратуру накіравалі ў СІЗА КДБ — зноў у тую ж установу, дзе ёй адмовілі ў сустрэчы са зняволеным сынам. Такім чынам, лічыць Таццяна Севярынец, спадзявацца на станоўчы вынік не выпадае: у СІЗА КДБ ёй ужо казалі, што сустрэчы з роднымі могуць дазваляцца, але гэта залежыць ад рашэння следчых па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня.

У сваёй апошняй скарзе спадарыня Севярынец патрабуе, каб ёй пісьмова паведамілі пра канкрэтныя прынятыя захады, а не абмяжоўваліся паведамленнямі пра перасылку дакументаў па інстанцыях.

Яшчэ адну скаргу Таццяна Севярынец напісала ў СІЗА КДБ. Паводле адзінага атрыманага ад Паўла ліста, ён так і не атрымаў лекі, якія яна перадала яму яшчэ 5-га студзеня. Маці палітыка лічыць абуральным такое стаўленне да здароўя зняволеных.

Спадарыня Севярынец кажа, што адмыслова прыехала з Віцебска ў Мінск, каб дамагчыся сустрэчы з сынам ці хаця б таго, каб яму перадалі лекі. 31 студзеня ў яе ўзялі чарговую перадачу для Паўла — цёплае адзенне ды іншыя неабходныя рэчы, — але маці не ўпэўненая, што ўсё гэта Паўлу насамрэч перададуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?