Сітуацыя ў знешнім гандлі ставіць пад пагрозу зрыву выкананне праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011–2015 гады.

Пра гэта заявіў кіраўнік Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч 1 лютага на пасяджэнні Савета міністраў.

«Калі мы не вырашым пытанне са станоўчым сальда знешняга гандлю да 2014 года, то ўсе нашы планы, пражэкты, у тым ліку па павышэнні жыццёвага ўзроўню насельніцтва, могуць апынуцца пад пагрозай зрыву. Не гаворачы ўжо пра эканамічную і фінансавую бяспеку», — падкрэсліў Пракаповіч.

Паводле яго слоў, паказчык знешнегандлёвага сальда «павінен быць галоўным для ўсіх галінаў, міністраў, віцэ-прэм’ераў». «Калі гэта не вырашым, то навошта разглядаць усё астатняе?» — сказаў Пракаповіч.

Кіраўнік Нацбанка нагадаў, што праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця прадугледжвае зніжэнне адмоўнага знешнегандлёвага сальда пачынаючы з 2011 года. «Сёлета запланавана самае высокае адмоўнае сальда — 9% да ВУП. Далей яно павінна зніжацца», — заявіў Пракаповіч.

Паводле яго слоў, адной з асноўных прычын павелічэння адмоўнага сальда з’яўляецца рост імпартаёмістасці і энергаёмістасці прадукцыі. «Трэба рабіць рэвізію на кожным прадпрыемстве: неэфектыўныя і неперспектыўныя выстаўляць на таргі і прадаваць інвестарам», — падкрэсліў кіраўнік Нацбанка.

Акрамя таго, лічыць ён, неабходна абавязаць прадпрыемствы прымаць меры па павелічэнні аб’ёму экспарту над імпартам. «Павінна быць жорстка запісана, што прырост экспарту не менш як на 10% павінен апярэджваць прырост імпарту. Калі гэтага няма — прымаць жорсткія меры. Нікуды не варта, што мы нарошчваем экспарт за кошт нарошчвання імпарту», — дадаў Пракаповіч.

На думку кіраўніка Нацбанка, зараз — «ідэальныя магчымасці» для развіцця эканомікі. «Такой спрыяльнай сітуацыі, як сёння, ніколі не было для развіцця эканомікі. У свеце дастаткова фінансавых рэсурсаў, і яны незапатрабаваныя, і мы можам іх выкарыстаць», — лічыць ён.

Замежныя інвестары, сцвярджае Пракаповіч, гатовы выдзяляць крэдыты пад закупку абсталявання на прымальных умовах. «Пытанне толькі ў наяўнасці эфектыўных праектаў. Але калі да гэтага ставіцца з поўнай адказнасцю і ствараць усе ўмовы для развіцця, любое прадпрыемства, любая галіна за два-тры гады можа стаць канкурэнтаздольнай», — перакананы кіраўнік Нацбанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?