Тэлевізійнікі прывучылі гледачоў да кадраў, калі ўдзельнікі акцыі 19 снежня каюцца.
Можна здагадацца, што такія прызнанні выбіваюць псіхалагічным ціскам.
На гэтым фоне заўважна кантраставаў допыт актывіста Паўла Вінаградава. Кадры з яго дэманстравалі тэлеканалы АНТ і БТ.
Вінаградаў менш за ўсё быў падобны да зломленага чалавека. На ўсе пытанні следчага адказваў з усмешкай і іроніяй. Кажа, маўляў, не пашанцавала яму пры такім кіраўніку нарадзіцца, вось і выпраўляе сітуацыю.
Або сказаў:
«Мне здаецца, што пагром Дома ўрада пачалі апранутыя ў цывільнае міліцыянты, але доказаў гэтага ў мяне няма».
Паўлу Вінаградаву 22 гады. Ён мінчук, скончыў музычную школу. Доўгі час быў блізкі да «Еўрапейскай Беларусі». У 2008 годзе прайшоў праз крымінальную справу, якая атрымала назву «Працэс чатырнаццаці».
Тады Паша быў асуджаны на два гады «хіміі» без накіравання ў папраўчыя калоніі. Хлопец цалкам адбыў пакаранне, а не з’ехаў з краіны.
Падчас гэтай выбарчай кампаніі далучыўся да каманды Уладзіміра Някляева. Вінаградаў і ў дождж, і ў холад стаяў з пікетам ля крамы «Акіян», што ля плошчы Перамогі.
Сябра штаба Някляева Міхась Пашкевіч кажа, што «Вінаградаў як ніхто іншы якасна адпрацаваў кампанію». Яго ў вялізных навушніках можна было пастаянна бачыць за спінай паэта.
Цяпер жа хлопец дэманструе публічна сваю нязломную пазіцыю.
Пікет каля ЦВК, Павел Вінаградаў (справа).