Зарплаты ў Беларусі да 2015 года маюць дасягнуць 80% ад зарплат у сумежных краінах.

Сярэдняя заработная плата ў Беларусі да 2015 года складзе не менш як 80 працэнтаў ад сярэдняй зарплаты ў сумежных еўрапейскіх краінах. Аб гэтым сёння паведаміў міністр эканомікі Мікалай Снапкоў на пасяджэнні Савета Міністраў, на якім абмяркоўваецца Праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011–2015 гады.

Разам з тым, як сказаў прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, калі паставіць рост зарплаты як мэту, не падмацоўваючы іншымі складальнікамі, то можна атрымаць тыя ж недахопы, якія былі ў папярэдніх пяцігодках. Размова ідзе аб перавышэнні росту заработнай платы і грашовых даходаў насельніцтва над ростам прадукцыйнасці працы. «Заработная плата — гэта вытворная ад прадукцыйнасці працы. Зыходзячы з гэтага, заработная плата павінна быць заробленай», — заявіў кіраўнік урада.

Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што частка прыросту заработнай платы будзе ісці на павелічэнне аб’ёму аплаты жыллёва-камунальных паслуг і на іншыя расходы, якія сёння аплачваюцца за кошт перакрыжаванага субсідзіравання або датавання дзяржавай. «Мы плануем да канца пяцігодкі выйсці па аплаце насельніцтвам паслуг ЖКГ як мінімум на 60 працэнтаў, па электрычнасці і газу — на 100 працэнтаў, у тым ліку па інжынерных камунальных паслугах наблізіцца таксама да 100 працэнтаў, — сказаў Міхаіл Мясніковіч. — Гэта будзе ў пэўнай ступені ўплываць на расходы насельніцтва».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?