Мікалай Разумаў — колішні лідэр рабочага руху з Воршы — адбываў пакараньне за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Ён быў асуджаны яшчэ ў 2006-м годзе, але ў спэцустанову яго скіравалі толькі ў лістападзе 2010-га. Цяпер яго вызвалілі, бо паводле артыкула 84 Крымінальнага кодэксу «скончыўся тэрмін даўнасьці выкананьня прысуду».

Былы рабочы лідэр, які ў 1991-м годзе арганізаваў масавы страйк і вывеў аршанскіх рабочых на рэйкі з патрабаваньнем глябальных эканамічных рэформаў у дзяржаве, у чэрвені 2006-га году быў асуджаны на тры гады «хіміі». Аршанскі гарадзкі суд прызнаў Мікалая Разумава вінаватым у паклёпе на прэзыдэнта краіны — за выступ падчас пазамінулай прэзыдэнцкай кампаніі на сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з аршанскімі выбарцамі.Тады спадар Разумаў заявіў, што Аляксандар Лукашэнка мае дачыненьне да забойства Віктара Ганчара і астатніх зьніклых палітыкаў.

Аршанская пракуратура завяла з гэтай нагоды крымінальную справу і скіравала затрыманага актывіста на псыхіятрычную экспэртызу. Экспэртыза прызнала стан ягонай псыхікі нармальным, але Мікалая Разумава, які мае групу інваліднасьці, па стане здароўя на «хімію» тады так і не накіравалі. У віцебскую «папраўчую ўстанову № 11» ён трапіў толькі летась у лістападзе.

Мясцовыя дэмакратычныя актывісты мяркуюць, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў колішні рабочы лідэр быў ізноў залічаны ў шэраг «небясьпечных асобаў». Хоць прыканцы 1990-х Мікалай Разумаў адышоў ад грамадзкай дзейнасьці і не праяўляў ніякае палітычнае актыўнасьці, апрача таго самага выступу на ўжо даўняй перадвыбарчай сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам.

Актывісты не выключаюць, што трыманьне Мікалая Разумава пад вартай на працягу больш як трох месяцаў было незаконным, бо з моманту прысуду прайшло больш за чатыры гады. У той час, пакуль ён знаходзіўся ў Віцебску на «хіміі», сям’і Мікалая Разумава, дзе гадуюцца чацьвера дзяцей, дапамагалі аршанскія і віцебскія актывісты кампаніі «Гавары праўду!» ды прадстаўнікі розных дэмакратычных партый і рухаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?